Новы від антарктычных лішайнікаў назвалі ў гонар беларускага даследчыка
У Антарктыдзе навукоўцы выявілі новы від лишайнікаў, які атрымаў назву Austroplaca giginyakii у гонар беларускага палярнага даследчыка Юрыя Гігіняка, паведамляе Навукова-вытворчы цэнтр па біярэсурсах.
Такую назву прысвоіў новаадкрытай расліне турэцкі прафесар Мехмет Гёкхан Халічы, кіраўнік міжнароднага праекта па вывучэнні лішайнікаў Усходняй Антарктыды.
Адкрыццё і апісанне новага віду былі прадстаўленыя на навуковым семінары Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. Называнне яго ў гонар Юрыя Гігіняка стала сімвалічным прызнаннем значнага ўкладу гэтага навукоўца ў даследаванне біяразнастайнасці Антарктыкі і развіццё палярнай навукі ў Беларусі.
Юрый Гігіняк — беларускі гідрабіёлаг, палярны даследчык, кандыдат біялагічных навук. Ён з’яўляецца адным з піянераў беларускай навукі ў Антарктыдзе і першым беларускім біёлагам, які працаваў у гэтым рэгіёне.
Ён удзельнічаў у некалькіх палярных экспедыцыях — упершыню ў 1971 годзе, а затым у 2010—2011 і 2013—2014 гадах.
На працягу сваёй навуковай кар’еры Гігіняк спецыялізаваўся на вывучэнні гідраэкалогіі, біялогіі крэветак, фаўны халодных крыніц, а таксама іншых водных беспазваночных і ракападобных.
Акрамя Антарктыды, навуковец праводзіў даследаванні на Камчатцы, у Сярэдняй Азіі, па тэрыторыі Расіі і Беларусі. Ягоная дачка, Ірына Гігіняк, таксама стала вучоным-гідрабіёлагам.
Чытайце таксама:
У Беларусі знайшлі новы грыб і назвалі яго ў гонар Скарыны