БЕЛ Ł РУС

У Брэсце пачнуць рэканструкцыю моста праз Мухавец

19.06.2025 / 17:0

Nashaniva.com

У Брэсце напрыканцы чэрвеня пачнецца рэканструкцыя аўтамабільнага моста праз раку Мухавец у цэнтральнай частцы горада. Пра гэта паведаміў дырэктар Упраўлення капітальнага будаўніцтва Брэста Ігар Касянкоў, піша БелТА.

Фота: av.by

Гаворка ідзе пра мост, які злучае бульвар Шаўчэнкі і Варшаўскую шашу. Генеральным падрадчыкам выбралі «Мостаатрад №58» — філіял ААТ «Мостабуд». Дамову з імі плануюць падпісаць 20 чэрвеня, а ўжо на наступным тыдні пачаць першыя работы.

Рэканструкцыя будзе праходзіць паэтапна. Спачатку падрыхтуюць пляцоўку, перанясуць інжынерныя камунікацыі і абсталююць будаўнічы гарадок. Потым пачнецца будаўніцтва новай часткі моста. Яго плануюць завяршыць да канца наступнага года і адкрыць па гэтай частцы рух. Пасля гэтага ў 2027 годзе дэмантуюць стары мост, а на яго месцы пабудуюць другую частку новага.

Праект фінансуецца з крэдыту Банка развіцця. У 2025 годзе на работы выдзелена каля 8,8 мільёна рублёў. Увесь праект разлічаны на 43 месяцы.

Брэсцкі мост праз Мухавец быў пабудаваны ў 1960-х гадах і ўжо не адпавядае сучасным патрабаванням. Новая канструкцыя будзе з жалезабетону, а цэнтральная частка — металічнай. У абноўленым мосце прадугледжаныя дзве паласы руху ў кожны бок (цяпер толькі адна), шырэйшыя тратуары для пешаходаў і раварыстаў, новае асвятленне. Таксама перабудуюць кольца на бульвары Шаўчэнкі, пашыраць дарожныя палосы з боку Варшаўскай шашы і зробяць дадатковыя заезды і з’езды з моста.

Рух падчас работ цалкам перакрывацца не будзе, але магчымыя часовыя нязручнасці — напрыклад, трэба будзе пераносіць шматлікія кабельныя лініі з боку бульвара Шаўчэнкі.

Чытайце таксама:

Верхні горад і Ракаўскае прадмесце чакае вялікае пераўтварэнне. Што зменіцца?

У Гродне абвалілася частка моста

Улады абяцалі зрабіць частку падвеснага моста ў Мастах шкляной. Беларусы паказалі, што атрымалася

Каментары да артыкула