Будзе Пуцін, Пашынян адмовіўся, а прэзідэнта Ірана ўсё яшчэ чакаюць. Хто з сусветных лідараў прыедзе ў Мінск на наступным тыдні на ЕАЭС
Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў расказаў, каго з сусветных лідараў чакаюць у Мінску для ўдзелу ў мерапрыемствах Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і Еўразійскага эканамічнага форуму, піша БелТА.
Сваю асабістую прысутнасць на мерапрыемстве пацвердзілі ўсе кіраўнікі краін — членаў ЕАЭС (Расіі, Казахстана, Кыргызстана), акрамя прэм'ер-міністра Арменіі. Але Нікол Пашынян прыме ўдзел у форуме па відэасувязі.
Што датычыцца краін-наглядальнікаў, то ў перыяд правядзення форуму чакаецца афіцыйны візіт у Беларусь прэзідэнта Кубы Мігеля Марыа Дыяс-Канеля Бермудэса.
Таксама пацвердзіў свой удзел прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў.
Раней паведамлялася і аб планаваным візіце прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіяна. МЗС яшчэ не губляе надзеі. «Пакуль яшчэ мы спадзяёмся на афіцыйны візіт прэзідэнта Ірана. Хоць мы разумеем сітуацыю, якая адбываецца ў рэгіёне, жадаем хутчэйшага ўрэгулявання, надыходу міру на гэтай зямлі. Але пакуль у планах візіт гэтай дэлегацыі ёсць», — сказаў Максім Рыжанкоў.
Прыбыць на форум плануюць таксама дэлегацыі Манголіі, ААЭ, Нікарагуа, М'янмы. Апошняя будзе прадстаўлена на ўзроўні прэм'ер-міністра Мін Аун Хлайна.
На наступны дзень пасля форуму, 27 чэрвеня, запланавана пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета
Еўразійскі эканамічны форум пройдзе 26 чэрвеня на базе Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра «Белэкспа». Для ўдзелу ў ім ужо зарэгістраваны больш за 2 тыс. чалавек з 29 краін, піша Белта.