БЕЛ Ł РУС

Прызначаны суд над Максімам Урбановічам

19.06.2025 / 12:48

Nashaniva.com

Справу супраць Максіма Урбановіча — брата Дзяніса Урбановіча, які абараняе Украіну, разгледзіць суд Заводскага раёна Мінска. Працэс пачнецца 27 чэрвеня. Мужчыну абвінавачваюць паводле «народнага» артыкула, піша «Белсат».

Максім Урбановіч на судзе Цэнтральнага раёну за «несанкцыянаваную акцыю» на пікеце для збору подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты. Менск, Беларусь. 7 мая 2020 года. Фота: svaboda.org

Мінскі Следчы камітэт накіраваў крымінальную справу супраць Максіма Урбановіча ў суд Заводскага раёна сталіцы. Паводле інфармацыі «Белсата», Максіма, брата лідара «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча, які ваюе ва Украіне ад самага пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў пад пазыўным «Ваўкалак», абвінавачваюць паводле «народнага» артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

У справе яшчэ некалькі артыкулаў, але якія менавіта, пакуль не вядома.

Сваякі не маюць канкрэтнай інфармацыі, а брат Максіма Дзяніс Урбановіч больш за два гады з ім не мае стасункаў.

2 красавіка ў кватэру, якую арандаваў Максім Урбановіч, уварваліся сілавікі. Пасля ператрусу Максіма адвезлі на допыт у КДБ. Спачатку Максіма трымалі ў СІЗА КДБ, а потым перавезлі ў СІЗА №1 што ў Калядзічах.

27 чэрвеня ў 11:30 у судзе Заводскага раёна пачнецца суд. У Максіма няма адваката, таму ён самастойна будзе абараняць сябе ў судзе. 17 чэрвеня праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула