БЕЛ Ł РУС

Саміт G7 скончыўся без заявы пра Украіну. Зяленскі і Трамп пакінулі яго датэрмінова

18.06.2025 / 15:3

Nashaniva.com

Лідары краін «Вялікай сямёркі» на саміце ў Канадзе паабяцалі аказаць Украіне дадатковую падтрымку, але не прынялі сумесную заяву наконт вайны — як паведамляюць крыніцы, з-за пазіцыі ЗША, якія выступілі супраць жорсткіх фармулёвак з асуджэннем расійскага ўварвання, піша Бі-бі-сі.

На пярэднім плане прэм'ер Канады Марк Карні, першы злева дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа. Фота: Mark Schiefelbein / AP 

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пакінуў сустрэчу датэрмінова — так жа, як і кіраўнік Белага дома Дональд Трамп.

Гаспадар саміту, прэм’ер-міністр Канады Марк Карні, адмаўляў наяўнасць разыходжанняў, хаця і прызнаў, што некаторыя краіны не збіраліся абмяжоўвацца тым, што было выкладзена ў яго кароткай заяве па выніках сустрэчы.

Тым не менш, Карні заявіў, што гэты саміт «можа пакласці пачатак новай эры супрацоўніцтва, якая будзе спрыяць доўгатэрміновай устойлівасці, а не кароткатэрміновай эфектыўнасці».

Парадак дня сустрэчы давялося перагледзець з-за канфлікту паміж Ізраілем і Іранам, які прымусіў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа датэрмінова вярнуцца з саміту ў Вашынгтон. Паколькі кіраўнік Белага дома не застаўся на апошні дзень саміту, ён не змог сустрэцца з Зяленскім.

Карні заявіў, што цалкам разумее рашэнне прэзідэнта ЗША, а французскі лідар Эмануэль Макрон назваў «няветлівым» пытанне аднаго з журналістаў пра тое, ці не ператварылася група цяпер дэ-факта ў «Вялікую шасцёрку». Але датэрміновы ад’езд Трампа надаў сустрэчы адчуванне незавершанасці, пішуць аналітыкі.

Услед за амерыканскім прэзідэнтам саміт датэрмінова пакінуў і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі — падставай стаў масіраваны расійскі абстрэл Кіева ў ноч на 17 чэрвеня, у выніку якога толькі ў сталіцы Украіны загінулі прынамсі 26 чалавек.

Для прэзідэнта Зяленскага раптоўны ад’езд Трампа стаў непрыемнай нечаканасцю: у Кіеве разлічвалі на двухбаковую сустрэчу двух прэзідэнтаў на палях саміту, пра што раней казаў кіраўнік офіса прэзідэнта Андрэй Ермак.

Ці планавалася заява пра Украіну?

Як піша газета Wall Street Journal, Зяленскі не дасягнуў той падтрымкі, на якую разлічваў. Перад ад’ездам ён заявіў, што Украіне неабходная штогадовая фінансавая дапамога.

«Надзвычай важна мець штогадовую бюджэтную падтрымку Украіны ў памеры 40 мільярдаў долараў, каб забяспечыць нашу ўстойлівасць і здольнасць нашай краіны працягваць барацьбу. Гэта павінна быць сумеснае рашэнне лідараў G7, у тым ліку ЗША», — сказаў ён.

Зяленскі таксама заклікаў лідараў краін «сямёркі» працаваць з ЗША над увядзеннем далейшых абмежаванняў на цану расійскай нафты і працягваць ціснуць на Трампа з тым, каб ён выкарыстаў свой рэальны ўплыў дзеля спынення вайны.

«Сёння ў нас ёсць канкрэтныя рашэнні па павелічэнні вайсковай падтрымкі, новыя траншы дапамогі за кошт замарожаных расійскіх актываў, дадатковыя санкцыі супраць таго, што падсілкоўвае расійскую вайну. Важна, што партнёры гатовыя не толькі падтрымліваць нашу абарону зараз, але і разам аднаўляць Украіну пасля заканчэння вайны», — так Зяленскі апісаў вынікі саміту ў сваім тэлеграм-канале.

Канада і Вялікабрытанія абвясцілі пра ўвядзенне больш жорсткіх санкцый супраць расійскага ценявога флоту. WSJ адзначае, што лідарамі краін «сямёркі» была выказаная падтрымка Украіне ў сацыяльных сетках, але ў выніковым камюніке G7 не змяшчалася настолькі рашучае асуджэнне дзеянняў Расіі, як у папярэднія гады.

Як паведаміла напярэдадні агенцтва Reuters са спасылкай на канадскіх афіцыйных асоб, жорсткай заявы ўдзельнікаў саміту не атрымалася з-за пазіцыі ЗША.

Пра гэта ж пісала тэлевізійная кампанія CBC са спасылкай на ананімнага прадстаўніка ўрада Канады.

«Амерыканцы не хацелі бачыць у тэксце некаторыя вострыя заявы ў адрас Расіі, таму што баяліся, што гэта перашкодзіць іх перамовам з гэтай краінай аб завяршэнні вайны», — перадае словы гэтага афіцыйнага прадстаўніка канадская тэлерадыёкампанія CBC.

Аднак Эмілі Уільямс, дырэктар па сувязях з СМІ прэм’ер-міністра Марка Карні, пазней заявіла, што ніякай заявы па Украіне і не планавалася.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула