Фардо — галоўны ядзерны аб’ект Ірана. Што пра яго вядома?
Падземны комплекс у Фардо — адзін з самых ахоўных і стратэгічна важных у інфраструктуры Ірана, вакол яго ўжо шмат гадоў ідуць міжнародныя спрэчкі і перамовы. Эксперты сцвярджаюць, што Ізраіль не мае магчымасцей яго знішчыць без дапамогі ЗША.
Унутры завода Фардо. 2019 год. Фота: Atomic Energy Organization of Iran / AFP
Фардо — падзямельны завод па ўзбагачэнні ўрану, які Іран пачаў будаваць, як лічыцца, прыкладна ў 2006—2007 гадах. Ён размешчаны недалёка ад горада Кум (150 км на поўдзень ад Тэгерана) — рэлігійнага цэнтра шыіцкага ісламу, што мае як практычнае значэнне (цэнтральнае размяшчэнне, добрыя камунікацыі), так і сімвалічнае. Але галоўнае — Фардо быў спраектаваны як аб’ект, які немагчыма лёгка знішчыць з паветра.
Іран не паведамляў Міжнароднаму агенцтву па атамнай энергіі (МАГАТЭ) пра будаўніцтва гэтага аб'екта, пакуль у 2009 годзе інфармацыю пра яго не раскрылі заходнія разведкі, у першую чаргу ЗША, Вялікабрытанія і Францыя. З гэтага моманту Фардо ператварыўся ў міжнародны сімвал недаверу да іранскай ядзернай праграмы.
Падземны «бункер» ядзернай праграмы
Фардо знаходзіцца на глыбіні да 80 метраў пад горным масівам, і гэта робіць яго выключна складаным для знішчэння нават пры выкарыстанні спецыяльных супрацьбункерных авіябомбаў.
У ім усталяваныя сотні цэнтрыфуг, з дапамогай якіх адбываецца ўзбагачэнне ўрану. Згодна з афіцыйнай іранскай пазіцыяй, Фардо прызначаны для мірных мэт. Аднак размяшчэнне пад зямлёй, сакрэтнасць на этапе будаўніцтва і магчымасць хуткага пераналаджвання на ўзбагачэнне ўрану да ўзроўню ядзернай зброі выклікаюць глыбокі скепсіс у краін Захаду.
Спадарожнікавы здымак Фардо. 2013 год. Фота: DigitalGlobe / Getty Images
У 2015 годзе, калі быў падпісаны Сумесны комплексны план дзеянняў паміж Іранам і групай краін (ЗША, ЕС, Кітай, Расія і іншыя), Іран пагадзіўся спыніць узбагачэнне ўрану ў Фардо. Паводле ўмоў дамовы, усе цэнтрыфугі на аб’екце павінны былі быць адключаныя, а сам завод ператвораны ў навукова-даследчы цэнтр.
Пэўны час гэтая ўмова выконвалася, але сітуацыя пачала змяняцца пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у 2018 годзе аднабакова выйшаў з дамовы і аднавіў санкцыі супраць Тэгерана.
У адказ Іран паэтапна пераставаў выконваць свае абавязацельствы. У 2019 годзе цэнтрыфугі ў Фардо вярнуліся да працы.
У сакавіку 2023 года МАГАТЭ пацвердзіла, што ў Фардо знойдзены ўзбагачаны ўран з утрыманнем ізатопу U-235 на ўзроўні 83,7%. Такі ўзровень значна перавышае дапушчальныя межы для мірнага выкарыстання і набліжаецца да таго, што неабходна для стварэння ядзернай бомбы.
Аднак, як піша Fiancial Times, апошняя ацэнка пагрозы, апублікаваная амерыканскай разведкай у гэтым годзе, паказала, што Іран не аднавіў праграму распрацоўкі ядзернай зброі, якую ён прыпыніў пад міжнародным ціскам у 2003 годзе.
Фардо — ключавы аб'ект ядзернага прарыву
Але калі б Тэгеран пайшоў гэтым шляхам, то менавіта Фардо стаў бы ключавым у «ядзерным прарыве» краіны — то-бок рэзкім пераходзе ад цывільнай ядзернай праграмы да стварэння ядзернай зброі.
Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што з моманту прыняцця рашэння да атрымання матэрыялу для бомбы можа прайсці ўсяго тры тыдні. Пры чым першая партыя ў 25 кілаграм можа быць атрымана ўсяго за два-тры дні.
У глабальным маштабе Фардо не з'яўляецца ўнікальным аб'ектам. Кожная вялікая дзяржава з ядзернай праграмай мае падобныя падземныя вайсковыя бункеры: у ЗША — гэта комплекс Рэйвэн-Рок у Пенсільваніі, у Расіі — Ямантаў на Урале; аналагі маюцца і ў Кітаі, і ў Паўночнай Карэі.
Аднак Фардо — адзіная буйная падземная ваенная база, якая калі-небудзь падвяргалася непасрэднаму нападу, — прэцэдэнт, які паказвае надзвычайную рызыку, на якую пайшоў прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху, санкцыянаваўшы ізраільскія напады.
Паведамлялася, што 14 чэрвеня Фардо быў атакаваны. Аднак шкода была нязначнай. Па даных МАГАТЭ, падземныя збудаванні не былі закрануты ўдарамі, і завод працягвае функцыянаваць.
У адрозненне ад гэтага, Ізраілю ўдалося знішчыць найбуйнейшы наземны завод па ўзбагачэнні ўрану Ірана ў Натанзе.
Важная роля ЗША
Як піша The New York Times, амерыканскія афіцыйныя асобы заявілі, што ў Ізраіля няма супрацьбункерных бомбаў, каб дабрацца да Фардо, і калі гэты аб'ект перажыве атакі, то ёсць вялікая верагоднасць, што разам з ім выжыве ключавая тэхналогія ядзернай праграмы краіны.
Па інфармацыі Dayli Mail, нанесці рэальную шкоду аб'екту можа толькі амерыканская 15-тонная супрацьбункерная бомба GBU-57. Існуе толькі некалькі такіх звышмагутных прылад, кожная з якіх каштуе мільёны даляраў.
Пры гэтым ЗША — адзіная краіна, чые ваенныя самалёты здольныя скідаць такую цяжкую бомбу. Для гэтага можа быць выкарыстаны бамбавік-невідзімка B-2 Spirit. Ізраільскія ж F-15 і F-35 фізічна не здольныя падняць такую велізарную вагу.
Паводле даных кампаніі Northrop Grumman, стратэгічны цяжкі бамбавік B-2 мае дальнасць палёту каля 11 300 кіламетраў без дазапраўкі і да 18 500 кіламетраў пры адной дазапраўцы ў паветры. Гэта дазваляе яму дасягнуць любога месца на планеце за некалькі гадзін.
Маючы даўжыню 6 метраў і GPS-навядзенне, перш чым узарвацца, GBU-57 пранікае на глыбіню да 60 метраў, пасылаючы ўдарныя хвалі праз бункерныя сістэмы і руйнуючы ўнутраныя канструкцыі.
Паводле Дэні Цытрыновіча, эксперта па Іране з Інстытута нацыянальнай бяспекі ў Тэль-Авіве, якога цытуе Financial Times, «Без ЗША з Фардо ўпорацца будзе цяжка. Ён моцна ўмацаваны і занходзіцца глыбока пад гарой. Не ўпэўнены, што мы зможам там нанесці істотную шкоду».
Як адзначаюць эксперты, перадача Ізраілю супрацьбункерных бомбаў або іншая ваенная падтрымка нясе сур’ёзныя палітычныя і дыпламатычныя рызыкі для Трампа. Гэта можа пахаваць надзеі на перамовы з Іранам наконт яго ядзернай праграмы, якіх сам Трамп жадае. Іран, са свайго боку, сцвярджае, што яго ядзерныя распрацоўкі маюць выключна мірны характар.
Чытайце таксама:
На працягу двух сутак ЗША прымуць рашэнне аб магчымым далучэнні да ваенных дзеянняў супраць Ірана
Ізраіль ударыў па заводзе цэнтрыфуг у Тэгеране, дзе могуць узбагачаць уран
«Тое, што Ізраіль зрабіў з Іранам, — гэта тое, што Расія хацела зрабіць з Украінай»