БЕЛ Ł РУС

У Берліне паказалі оперу пра ПВК «Вагнер». У пастаноўцы ўдзельнічае і беларуская спявачка

18.06.2025 / 11:59

Nashaniva.com

А вакальныя партыі выконвае спявачка з Беларусі.

Калі нямецкі рэжысёр Енс Дзітрых у 2023 годзе даведаўся, як загінулі ў Афрыцы журналісты Аляксандр Растаргуеў, Архан Джэмаль і Кірыл Радчанка, якія паехалі туды здымаць выкрывальны фільм пра расійскіх наймітаў, ён вырашыў напісаць на аснове гэтай гісторыі оперу.

«З гэтага моманту тэма не адпускала мяне: чаму нямецкі кампазітар Вагнер выкарыстоўваецца расейскімі неанацыстамі? Як вагнераўцы апынуліся ў Цэнтральнай Афрыцы? І што ўсё гэта значыць для нямецкага культурнай свядомасці?» — распавёў DW Дзітрых.

Для дапамогі ў падрыхтоўцы праекта былі запрошаныя журналістка з Расіі Маша Барзунова і беларуская журналістка.

Яны сабралі мемы, фрагменты ток-шоу, скрыншоты, каментары, даследуючы, як ствараецца культ наймітаў у сацсетках і прапагандзе. Сабраны матэрыял стаў часткай сцэнаграфіі спектакля.

Афіша оперы

«Мяне ўразіла, наколькі прыцэльна расейская дзяржава выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі, нават на Захадзе, для маніпуляцыі грамадскай думкай», — кажа Енс Дзітрых. Музычная частка таксама незвычайная — не класічны аркестр, а саўнд-сістэма, якая выкарыстоўвае дыджэйскую тэхніку, кларнет, валторну і кантрабас і пераасэнсоўвае класічную спадчыну Вагнера.

На сцэне спалучаюцца вагнераўскія лейтматывы з «Пярсцёнка Нібелунгаў» (27 перапрацаваных вагнераўскіх тэм), імправізацыя і шумавая фактура, а гледачы кожны раз чуюць новы твор.

Сам спектакль пабудаваны як мікс дакументальных сведчанняў, медыйных цытат, сцэн з «Пярсцёнка Нібелунгаў» і класічных арый, якія выконвае спявачка з Беларусі Каця Кая.

У «Wagner Weltweit» няма лінейнага сюжэту.

Сцэна выглядае адначасова як міфалагічны лес і тэлевізійная студыя. Актор Хаўке Хойман прамаўляе тэксты, складзеныя з выказванняў крэмлёўскіх прапагандыстаў, вайскоўцаў, «размаўляючых галоў» і безыменных допісаў Telegram-каналаў. Яны пабудаваныя на пазнавальных клішэ: «Захад хоча нас знішчыць», «мы ваюем за справядлівасць», «гэта духоўная бітва». Гучыць знакаміты маналог Прыгожына: «Дзе боепрыпасы, с***кі?».

Узнікаюць паралелі паміж героямі «Пярсцёнка» Вагнера і сучаснымі палітычнымі персанажамі. Вотан, які аддае падступны загад забіць Брунгільду, дзейнічае дакладна як расійскае камандаванне, а імя Прыгожына напоўнена алюзіямі на Зігфрыда. Глядач апынаецца ў медыяпатоку, дзе сціраюцца межы паміж фактам і міфам, рэальнасцю і ваеннай рыторыкай.

У паралельных сцэнах сапрана Каця Кая выконвае вагнераўскія арыі. Іх чысціня кантрастуе з медыйным шумам, у якім задыхаюцца прамовы маніпулятараў.

Прэм'ера оперы Wagner Weltweit прайшла ў Берлінскім тэатры Deutsche Oper.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула