Яшчэ адна тэрыторыя стане даступнай праз шэнгенскую візу
Іспанія і Вялікабрытанія дамовіліся аб адмене памежнага кантролю на мяжы паміж Гібралтарам і Іспаніяй, піша 34travel.me.
Малпа на фоне Гібралтарскай скалы. Фота: Wikimedia Commons
Цяпер пры ўездзе ў Гібралтар праз порт і аэрапорт будуць дзейнічаць правілы Шэнгенскай зоны: пашпартны кантроль будзе падвойны — з аднаго боку іспанскі, з другога — брытанскі. Яго будуць праводзіць сумесна памежнікі абедзвюх краін.
Гэта азначае, што па зямлі ў Гібралтар цяпер можна будзе трапіць па шэнгенскай візе або на бязвізавых умовах для грамадзян тых краін, каму дазволены ўезд у Шэнгенскую зону. Асобная віза для Гібралтара больш не патрэбная, што спрашчае ўезд, у тым ліку для беларусаў, якім раней патрабавалася асобная віза незалежна ад наяўнасці шэнгенскай.
Для грамадзян Вялікабрытаніі, якія не жывуць у Гібралтары, будуць дзейнічаць звычайныя шэнгенскія правілы — да 90 дзён знаходжання на працягу 180 дзён. За іх парушэнне Іспанія можа адмовіць ва ўездзе.
Гібралтар застаецца пад суверэнітэтам Вялікабрытаніі, але фактычна інтэгруецца ў Шэнген. Гэта пагадненне стала апошнім вялікім крокам па вырашэнні пытанняў пасля Brexit і было названа «гістарычнай падзеяй».
Акрамя таго, у пагадненне ўключаныя пытанні падаткаў і гандлю, асабліва згодна з патрабаваннямі ЕС адносна кантрабанды тавараў, такіх як тытунь.
Дамова яшчэ павінна прайсці афіцыйнае юрыдычнае афармленне і ратыфікацыю.
Чытайце таксама:
Беларусы, што едуць у Сербію і Чарнагорыю, могуць трапіць у візавую пастку