БЕЛ Ł РУС

Апошнія месяцы з Еўропы ў Беларусь амаль не гоняць свежыя аўто. Вось у чым прычына

23.06.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Апошнім часам прыганяць аўто з Еўропы стала амаль не выгадна. Прадаўцы расказваюць пра сітуацыю на рынку.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Продажы скараціліся ў некалькі разоў

Нягледзячы на тое, што на мытным складзе пад Мінскам хапае свежых люксавых аўто з Еўропы, для шэраговых прадаўцоў вясна — пачатак лета 2025 года не самы лепшы перыяд. 

На нізкія продажы скардзяцца ўсе — ад перагоншчыкаў і фірм-пасярэднікаў да аўкцыённых пляцовак, якія заточаныя на працу з кліентамі з Беларусі і Украіны.

Па словах прадстаўніка адной з аўкцыённых пляцовак, дзе асноўныя кліенты — пакупнікі з Беларусі, за апошнія некалькі месяцаў продажы скараціліся ў некалькі разоў. 

На сайце іншай пляцоўкі нядаўна з'явілася інфармацыя пра зніжэнне ставак на дастаўку машын з Вільні ў Мінску, што таксама паказвае на тое, што попыт падае.

Чаму так адбываецца?

Адной з асноўных прычын называюць рост курса еўра адносна даляра. 

Калі па стане на 1 красавіка адзін еўра каштаваў 1,05 даляра, то ўжо у канцы месяца ён вырас да 1,14. Цяпер еўра каштуе больш за 1,15 даляра. 

Графік курса еўра да даляра за апошнія 6 месяцаў. Скрыншот: investing.com

За апошнія некалькі месяцаў еўра падаражэў адносна даляра прыблізна на 10%. Адпаведна, настолькі ж для беларусаў падаражэлі машыны з Еўропы.

Сам аўтамабіль, дастаўка і нават мытныя плацяжы прывязаныя да еўра, а машыны ў Беларусі традыцыйна прадаюць за даляры, хоць у выпадку з машынамі з Еўропы даляравага складніка ў іх цэнаўтварэнні няма.

У выніку ўмоўны VW Passat B8 з Еўропы, які з усімі выдаткамі каштуе ад 16 тысяч еўра, у першыя дні вясны абыходзіўся менш чым у 17 тысяч даляраў. Той самы аўтамабіль, прыгнаны ў маі або цяпер, абыходзіцца ўжо ў 18 400 даляраў. Розніца складае амаль 1 500 даляраў.

Праз гэта свежы прыгон, як і купля аўто на замову, сталі менш выгаднымі, бо беларускі рынак патрыманых аўто з шэрагу прычын не хутка рэагуе на курс еўра.

Рынак свежапрыгнаных машын і без таго перанасычаны, каб прадаўцы маглі павышаць цэны. І нават прадаўшы аўтамабіль, перагоншчыкі не спяшаюцца ехаць у Еўропу па новы, бо не факт, што атрымаецца прадаць у плюс машыну, прывезеную па новым курсе. 

Апроч таго, ёсць шмат машын са Штатаў, на цэнаўтварэнне якіх ніяк не ўплывае ўмацаванне еўра. Таксама трэба ўлічваць, што праз санкцыйныя абмежаванні многія вымушана пераключыліся на аўто з Карэі і Кітая, таму еўрапейскі кірунак цяпер значна прасеў.

За такія грошы можна адразу купіць машыну ў Беларусі

Перагоншчык, які займаецца машынамі з Еўропы на замову, кажа, што за апошнія месяцы колькасць ахвотных прыгнаць аўто з Еўропы скарацілася працэнтаў на 70—80. Кажуць, што за такія грошы можна адразу купіць машыну ў Беларусі.

Яшчэ адна прычына, чаму аўтаперагонны бізнэс ужо не той, — немагчымасць перапрадаваць машыны на Расію.

За выключэннем прэміяльных аўто ва ўзросце да трох гадоў размытненне аўто праз Беларусь не мае сэнсу праз неабходнасць расіянам плаціць за такія аўто камерцыйны ўтыльзбор, калі з моманту мытнага афармлення прайшло менш за 12 месяцаў.

Адметна, што на тых, хто працуе на расійскім кірунку, умацаванне еўра адносна даляра ніяк не ўплывае. Прычым не з-за таго, што 10% для пакупнікоў, якія могуць сабе дазволіць дарагія аўто, не грошы.

Рэч у тым, што калі ў Беларусі машыны прадаюць за даляры, то ў Расіі — за расійскія рублі. А расійскі рубель за апошнія месяцы адносна еўра не толькі не патаннеў, а наадварот — умацаваўся.

Курс расійскага рубля адносна еўра за апошнія 6 месяцаў. Скрыншот: investing.com

Калі на пачатку вясны за 1 еўра давалі каля 95 расійскіх рублёў, то бліжэй да сярэдзіны мая курс апусціўся да 90 рублёў за еўра.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула