Беларускі экс-міністр прырос актывам у Польшчы, але не забывае пра Расію
Актывам у Польшчы абзавёўся экс-міністр транспарту і камунікацый Беларусі (у 2001-2005 гг.) Міхаіл Баравы.
Міхаіл Баравы
Міхаіл Баравы — кіраўнік і саўладальнік беластоцкай транспартнай кампаніі Bagpol, створанай у 2022 годзе, піша эканамічны аглядальнік Вадзім Сяховіч.
Разам з Таццянай Баравой у вядомага бізнесмена на сённяшні момант у ёй доля 24%. Астатняя — у грамадзянкі Германіі Дыяны Біхн. Па выніках 2023 года выручка сумеснага бізнесу склала 3,1 млн злотых. Але Bagpol прынесла сваім уладальнікам 1,1 млн злотых страты.
Міхаіл Баравы — прадстаўнік без перабольшання самай вядомай сям'і ў беларускім транспартным бізнесе. У 1989 годзе ён стварыў на базе дзяржаўнага аб'яднання «Аўтарамонт» прыватную кампанію «Белаўтагаз». Гэты бізнес зарабіў вялікія грошы на пераабсталяванні аўтамабіляў на газ, а потым заняўся сэрвісам тэхнікі, гандлем грузавікамі і запчасткамі, а таксама аўтаперавозкамі.
У 2001-2005 гадах бізнесмен увайшоў ва ўрад, атрымаўшы пасаду міністра транспарту і камунікацый. Прадпрымальнік ва ўладзе — гэта ўсяго толькі адзін з двух выпадкаў у найноўшай гісторыі Беларусі (другі — віцэ-прэм'ерская пасада акцыянера «Кераміна» Анатоля Цюцюнава).
Брат Міхаіла Баравога Мікалай у першыя гады незалежнасці Беларусі ўзначальваў найбуйнейшага на рынку дзяржаўнага міжнароднага аўтаперавозчыка — канцэрн «Белмагістральаўтатранс». А затым стаў (і застаецца па гэты дзень) старшынёй Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў.
Па даных Сяховіча, у Міхаіла Баравога акрамя Беларусі і Польшчы ёсць інтарэсы ў Расіі.
Ён шмат гадоў узначальвае і да пачатку 2025 года быў саўладальнікам Бранскага аўтаперавозчыка «РБК-Транс» (створана ў 2008 г.). І ў гэтым годзе Міхаіл Баравы заснаваў і стаў на чале яшчэ аднаго транспартнага бізнесу ў гэтым жа расійскім горадзе — кампаніі «М-Транс».