БЕЛ Ł РУС

У Петрыкаўскім раёне маланка забіла 71 карову

17.06.2025 / 10:5

Nashaniva.com

У пачатку мая ў Петрыкаўскім раёне разрад маланкі забіў 71 карову. Пад удар трапіў і жывёлавод, які знаходзіўся побач. Па шчаслівым збегу абставін мужчына застаўся жывы.

Вясковец сачыў за статкам кароў, якія знаходзіліся на вольным выпасе паблізу фермы аднаго з сельгаспрадпрыемстваў. Калі ў другой палове дня пачалася навальніца, ён схаваўся ў драўляным вагончыку, што знаходзіўся там жа, паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.

У пэўны момант жывёлавод вырашыў праверыць, ці на месцы каровы. Удар маланкі парушыў планы. Мужчына страціў прытомнасць. Ачуняў, калі дождж скончыўся.

Са скаргамі на слабасць, дрыжыкі, ламату ў суставах і цягліцавыя болі ў канечнасцях вяскоўца шпіталізавалі.

Медыцынскія работнікі зафіксавалі ў яго фігуры Ліхтэнберга (сляды маланкі), а таксама парушэнне рытму сэрца. У бальніцы ён правёў 8 дзён.

У экспертна-крыміналістычным сектары па Петрыкаўскім раёне Жыткавіцкага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці пацвердзілі: жывёлавод сапраўды атрымаў электратраўму, якая праявілася фігурамі Ліхтэнберга на пярэдняй паверхні грудной клеткі і электрычным паражэннем міякарда. Гэта адносіцца да лёгкіх цялесных пашкоджанняў па прыкмеце кароткачасовага расстройства здароўя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула