Беларусы, што едуць у Сербію і Чарнагорыю, могуць трапіць у візавую пастку
Пасольства Беларусі ў Сербіі паведаміла пра рост колькасці зваротаў ад беларусаў, якія едуць транзітам праз Сербію і Чарнагорыю на асабістым транспарце.
Rsti.by.
Рэч у тым, што калі ў такой сітуацыі ў вас будзе аднаразовая віза, то пры перасячэнні мяжы яе анулююць, і паўторна ўехаць у Еўрасаюз ужо нельга.
Пры гэтым, адзначаецца ў паведамленні пасольства, вярнуцца зямным шляхам на радзіму такія грамадзяне ўжо не могуць.
Даехаць з Сербіі або Чарнагорыі ў Беларусь можна толькі праз краіны Шэнгенскага пагаднення, але новую візу ў гэтых краінах нельга атрымаць без дазволу на жыхарства.
Альтэрнатыўных шляхоў, напрыклад з Чарнагорыі праз Турцыю на пароме, таксама няма.
Такім чынам, падарожнікі, якія ўехалі ў Сербію або Чарнагорыю на аўтамабілі з аднаразовай візай, могуць вярнуцца дадому толькі на самалёце праз Стамбул або Маскву. Машына ж пры гэтым застанецца чакаць, пакуль яе ўладальнік не атрымае паўторную візу для яе вывазу.
Пасольства заклікае турыстаў загадзя ўлічваць патрабаванні візавага рэжыму пры планаванні маршрутаў праз Балканы, каб пазбегнуць такіх сітуацый.