Кіраўніком брытанскай разведкі ўпершыню ў гісторыі стане жанчына — Блейз Метрэвелі
Кіраўніком брытанскай знешняй разведкі, вядомай ва ўсім свеце як легендарная MI6, упершыню за яе 116-гадовую гісторыю стане жанчына — 47-гадовая Блейз Метрэвелі. Пра прызначэнне Метрэвелі ў нядзелю абвясціла прэс-служба брытанскага ўрада, піша Бі-бі-сі.
Блейз Метрэвелі. Фота: United Kingdom Foreign Office / AP
Яна зменіць цяперашняга кіраўніка MI6 Рычарда Мура гэтай восенню.
Блейз Метрэвелі паступіла на службу ў разведку ў 1999 годзе, яшчэ калі была студэнткай Кембрыджа. Зараз яна ўзначальвае ў MI6 аддзел тэхналогій і інавацый, то-бок з'яўляецца членам кіраўніцтва разведкі, які для публікі абазначаецца літарай Q, а да гэтага займала розныя кіраўнічыя пасады ў службе контрразведкі — MI5.
Вялікую частку сваёй кар’еры разведчыцы Блейз Метрэвелі правяла на Блізкім Усходзе і ў Еўропе.
Кіраўнік разведкі таксама мае літарнае абазначэнне — C — але пры гэтым ён з’яўляецца адзіным чалавекам у службе, чыё сапраўднае імя абнародуецца.
MI6 займаецца зборам інфармацыі за мяжой, супрацьдзеяннем варожым дзяржавам і барацьбой з тэрарызмам.
Прэс-служба ўрада перадае словы Метрэвелі пра тое, што MI6 разам з контрразведкай MI5 і кіберразведкай GCHQ адыгрываюць найважнейшую ролю ў забеспячэнні бяспекі народа Брытаніі і прасоўванні брытанскіх інтарэсаў за мяжой.
«Я буду рада працягваць гэтую працу побач з адважнымі супрацоўнікамі і агентамі MI6 і многімі нашымі замежнымі партнёрамі», — сказала Метрэвелі.
У 2021 годзе, размаўляючы з газетай Telegraph пад псеўданімам «дырэктар K» службы MI5, Блейз Метрэвелі казала, што пагрозу для Брытаніі ўяўляюць «дзеянні расійскай дзяржавы — [але] не сама Расія», і што Кітай «змяняе свет, што стварае для Брытаніі дзівосныя магчымасці і адначасова пагрозу».
Як адзначае аглядальнік BBC Фрэнк Гарднер, Метрэвелі ўзначаліць разведку ў часы, калі яна сутыкаецца з беспрэцэдэнтнымі і шматлікімі цяжкімі задачамі.
Па-першае, гэта небяспека, якую ўяўляюць Расія, Кітай, Іран і Паўночная Карэя, якія ўсё актыўней супрацоўнічаюць паміж сабой у справе падрыву пазіцый Захаду ўвогуле і Брытаніі ў прыватнасці ва ўсім свеце.
«Але ёсць і праблемы тэхнічнага характару, — працягвае Гарднер. — У эпоху імклівых лічбавых інавацый, калі столькі разведданых збіраецца анлайн і з космасу, MI6 даводзіцца ўсё хутчэй круціць педалі, каб не адстаць ад часу і апярэдзіць ворагаў».
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, чые словы прыводзіць прэс-служба ўрада, назваў прызначэнне Метрэвелі гістарычным і падкрэсліў, што праца разведкі цяпер важная як ніколі.
Рычард Мур, які ўзначальваў MI6 апошнія пяць гадоў і саступіць гэту пасаду Блейз Метрэвелі, таксама назваў яе прызначэнне гістарычным.
«Блейз — высокапрафесійны супрацоўнік разведкі і кіраўнік, яна — адзін з найлепшых нашых розумаў у сферы тэхналогій», — сказаў сэр Рычард.