БЕЛ Ł РУС

У Венецыі пратэстуюць супраць вяселля амерыканскага мільярдэра Джэфа Безаса

15.06.2025 / 23:10

Nashaniva.com

Па чутках, на вяселлі будзе 200 гасцей і сярод іх нямала зорак — Кім Кардаш'ян, Леанарда Ды Капрыа, Опра Уінфры, Іванка Трамп.

Джэф Безас з нявестай. Фота: Mark Sutton — Formula 1/Formula 1 via Getty Images

У Венецыі мае адбыцца вяселле мільярдэра, заснавальніка Amazon Джэфа Безаса і Ларэн Санчэс, былой тэлежурналісткі. Шматдзённая вечарынка, якая, як чакаецца, пачнецца 24 чэрвеня, стане самым маштабным вяселлем у Венецыі з таго часу, як Джордж Клуні ажаніўся з Амал Аламудзін у 2014 годзе.

Але дзясяткі актывістаў пратэстуюць супраць гэтага вяселля. Яны не хочуць, каб аб'ект Сусветнай спадчыны ператварыўся ў гульнявую пляцоўку для багатых, піша The Guardian.

Як толькі мэр Венецыі, мільянер Луіджы Бруньяра, пацвердзіў у сакавіку, што пара ажэніцца ў горадзе, актывісты пачалі кампанію «Няма месца для Безаса».

Па ўсім горадзе з'явіліся плакаты з выявай галавы Безаса на ракеце, якая ўзлятае ў космас, — адсылка да яго праекту Blue Origin у галіне касмічнага турызму. Удзельнікі кампаніі таксама раздавалі ўлёткі на розных традыцыйных фестывалях італьянскай кухні і праводзілі грамадскія сходы. Нават уздымалі плакат з надпісам «Не Безасу» на званіцы базілікі Сан-Джорджа на аднайменным венецыянскім востраве, дзе, па чутках, пара абмяняецца клятвамі.

Па чутках, на вяселлі будзе 200 гасцей і сярод іх нямала зорак — Кім Кардаш'ян, Леанарда Ды Капрыа, Опра Уінфры, Іванка Трамп. Ім здымуць гасцінічныя нумары коштам 9000 еўра за ноч.

У той час як гарадскія ўлады запэўніваюць, што вяселле Безаса прынясе гораду 9,7 мільёна даляраў, іх апаненты сцвярджаюць, што гэтае мерапрыемства не прынясе карысці простым венецыянцам. Бо горад і так пакутуе ад наплыву турыстаў.

Чытайце таксама:

Гламурны космас. Джэф Безас адпраўляе сёння ў космас сваю нявесту і яшчэ пяць жанчын

Гістарычная канцэнтрацыя багацця — сімвалічная рассадка на інаўгурацыі Трампа. Жонку Цукерберга пасадзілі бліжэй, чым дзяржсакратара ЗША

Каментары да артыкула