БЕЛ Ł РУС

У Францыі перакуліўся аўтобус з украінскімі дзецьмі: чатыры чалавекі загінулі

14.06.2025 / 6:52

Nashaniva.com

Група ўкраінскіх падлеткаў трапіла ў дарожную аварыю на паўночным захадзе Францыі ў пятніцу.

Скрыншот відэа Ouest France

Аўтобус, у якім былі дарослыя і дзеці, перакуліўся на трасе ў рэгіёне Сарт. Чатыры чалавекі загінулі, 11 атрымалі сур'ёзныя траўмы, іх шпіталізавалі.

Пра гэта Бі-бі-сі Украіна паведаміла ўкраінскае міністэрства замежных спраў. Узрост загінулых не паведамляецца.

Аварыя адбылася на аўтамагістралі A81 каля горада Дэгрэ ў напрамку горада Ле-Ман каля паўдня, паведаміла мясцовая газета Ouest-France.

«У пятніцу каля 12:00 на аўтамагістралі A81 паміж Рэнам і Ле-Манам аўтобус перакуліўся на абочыне аўтамагістралі з групай дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 15 да 17 гадоў, якія знаходзіліся на школьным абмене,» — расказаў прэфект Сарта Эмануэль Абры журналістам.

Паводле чыноўніка, яшчэ 34 чалавекі атрымалі лёгкія траўмы. На месца аварыі выехалі прадстаўнікі пасольства і асабіста пасол Украіны.

Паводле папярэдняй інфармацыі, аўтобус перавозіў грамадзян Украіны, у тым ліку групу дзяцей.

Рух па аўтамагістралі A81 быў закрыты ў абодвух напрамках, на месцы падзеі працуюць паліцыя і ратавальнікі. Прэм'ер-міністр Францыі Франсуа Байру выказаў спачуванні сем’ям, што пацярпелі.

Міністр замежных спраў Андрэй Сібіга даручыў Дэпартаменту консульскай службы МЗС і пасольству Украіны ў Францыі трымаць сітуацыю на асаблівым кантролі і забяспечыць належную дапамогу пацярпелым грамадзянам Украіны.

Падрабязнасці ад Зяленскага

Як заявіў Уладзімір Зяленскі, у аварыі пацярпела шмат украінцаў, у тым ліку дзяцей.

Яны вярталіся з навучальнага абмену з французскага ліцэя ў Брэтані. Па дарозе ў Парыж аўтобус страціў кіраванне і з'ехаў у кювет.

Ён дадаў, што цяпер вядома пра чатырох загінулых дарослых, трое з іх — грамадзяне Украіны. Яшчэ двое чалавек у цяжкім стане, за іх жыцці змагаюцца французскія медыкі. Астатнія дзеці маюць сярэднія і лёгкія раненні, усім ім аказваецца неабходная дапамога.

Міністр замежных спраў Андрэй Сібіга і міністр унутраных спраў Ігар Кліменка рэгулярна інфармуюць пра стан пацярпелых і ўсе абставіны падзеі.

«Ведаю, што офіс Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона працягвае дапамагаць і трымаць сітуацыю пад кантролем. Таксама мабілізаваны антыкрызісны цэнтр МЗС Францыі і мясцовыя органы ўлады».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула