Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?
У Беларусі стартавалі судовыя працэсы над арыштаванымі па справе «Беларускага Гаюна». Іх вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» — артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса. Паглядзелі, якія тэрміны ў 2025 годзе людзі атрымлівалі па гэтым артыкуле.
Мы прааналізавалі прысуды людзей, якіх дадалі ў міліцэйскі спіс «экстрэмістаў» у папярэднія месяцы. Уключэнне ў гэты спіс азначае, што рашэнне суда ўступіла ў сілу — звычайна гаворка ідзе пра вынік апеляцыйнага суда, які адбываецца праз 2-3 месяцы пасля суда першай інстанцыі.
Таму калі палітвязня ўключылі ў спіс «экстрэмістаў» у пачатку чэрвеня 2025 года, гэта значыць, што апеляцыйны суд у яго адбыўся ў канцы мая 2025 года, а першасны суд — прыкладна ў сакавіку 2025 года.
Мы ўлічвалі толькі людзі, якіх судзілі толькі па ч. 1 і ч. 2 артыкула 361-4 — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (магчымае пакаранне — да 4 гадоў хіміі ці ад 2 да 6 гадоў калоніі).
Усяго такіх 21 чалавек. Гэта той самы артыкул, які цяпер інкрымінуюць арыштаваным за «Гаюн».
Дакладна вядомыя прысуды толькі пяці асуджаных за «садзейнічанне».
Двое з іх атрымалі хатнюю хімію. Таццяна Васільева, маці палітзняволенай Юліі Лаптановіч, атрымала два гады хатняй хіміі за інтэрв'ю медыя. Наталлі Гаўрон далі 4,5 гады хатняй хіміі і 500 базавых штрафу за дапамогу палітвязням.
Алеся Дзернакоўская і Наталля Ладуцька атрымалі па 4 гады калоніі за дапамогу палітвязням. Стачкамавец і актывіст Аляксандр Краўчук атрымаў 4,5 года пазбаўлення волі, але дакладная сутнасць яго абвінавачвання невядома.
Яшчэ тры чалавекі, якіх дадалі ў спіс, атрымалі хатнюю хімію.
13 чалавек атрымалі пазбаўленне волі або хімію з накіраваннем.
Такім чынам, найбольш распаўсюджаныя прысуды па гэтым артыкуле звязаныя з пазбаўленнем волі. Але частцы людзей шчасціць болей, і яны атрымліваюць хімію і хатнюю хімію.
Зрэшты, у такіх гучных выпадках, як са справай «Гаюна», лукашэнкаўцы маглі прыняць нейкую цэнтралізаваную інструкцыю для суддзяў.
Чытайце таксама:
Праваабаронцам вядома пра 20 затрыманых па справе «Беларускага Гаюна»
Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць
Гродзенскага студэнта будуць судзіць за паведамленні ў «Беларускі Гаюн»