Украінскаму дэпутату Яўгену Шаўчэнку пагражае пажыццёвае зняволенне
Украінскаму народнаму дэпутату Яўгену Шаўчэнку пагражае пажыццёвае зняволенне за дзяржаўную здраду падчас ваеннага становішча. Ён ужо знаходзіцца ў СІЗА з лістапада 2024 года, а цяпер яму выставілі дадатковае абвінавачанне, што можа прывесці да максімальнага пакарання — пажыццёвага турэмнага зняволення з канфіскацыяй маёмасці, піша «Радыё Свабода».
Яўген Шаўчэнка ў Вярхоўнай Радзе Украіны
Паводле інфармацыі Дзяржаўнага бюро расследаванняў Украіны, Шаўчэнка публічна заяўляў пра сяброўства з Аляксандрам Лукашэнкам, а яго выказванні эксперты палічылі шкоднымі для нацыянальнай бяспекі. У іх выявілі прапаганду, скажэнне фактаў, распальванне варожасці і заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
«Народнаму дэпутату Украіны дадаткова паведамілі падазрэнне аб дзяржаўнай здрадзе ва ўмовах ваеннага становішча. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці», — паведаміла прэс-сакратарка ДБР Вольга Чыканава.
Падчас ператрусаў у кватэры і кабінеце Шаўчэнкі знайшлі дакументы, што могуць сведчыць пра незаконныя пастаўкі беларускіх угнаенняў ва Украіну і магчымыя фінансавыя сувязі з беларускімі кампаніямі, якія аплачвалі ягоныя паездкі ў Мінск. Менавіта гэтыя візіты і сустрэчы з Лукашэнкам сталі ключавымі ў справе.
Яшчэ ў 2021 годзе Яўгена Шаўчэнку выключылі з фракцыі «Слуга народа» пасля несанкцыянаванай сустрэчы з Лукашэнкам у красавіку таго года. Партыйнае кіраўніцтва заяўляла, што не давала яму мандата на перамовы з беларускім бокам.
Чытайце таксама:
Шаўчэнка: Крэмль хацеў бы замяніць Лукашэнку, і я ведаю на каго