«Людзі ад нас адвярнуліся». Жонка ўладальніка пашпарта прыкрыцця Івана Мішчука пракаментавала скандал з ім
У канцы мая «Наша Ніва» даведалася, што ў Івана Мішчука, беларускага фатографа, які жыве і працуе ў Польшчы, ёсць пашпарт прыкрыцця на імя Іван Мішын. Сам Іван адмаўляў, што мае такі пашпарт, а цяпер «Еўрарадыё» паспрабавала пагаварыць з ягонай жонкай Юліяй.
Фота Івана Мішчука з розных пашпартоў
Юлія Мішчук (Бойка) у сяміхвіліннай размове з «Еўрарадыё» заявіла, што яны з мужам сутыкнуліся з сур'ёзнымі наступствамі: з Іванам адмовіліся супрацоўнічаць усе пляцоўкі, яна таксама страціла частку працы:
«Мы цалкам страцілі магчымасці ў сваёй сферы дзейнасці, у фатаграфіі, хоць неяк сябе праявіць. Людзі адвярнуліся. Усе практычна пляцоўкі адмовіліся ад Івана цалкам, ад мяне часткова».
Жанчына лічыць, што журналісты, маўляў, ужо вырашылі ўсё загадзя і паверылі аднабаковай інфармацыі без свайго расследавання.
Юлія гаворыць, што не бачыла ніякіх «баз даных», а ўсё, што было апублікавана, — гэта «нейкая незразумелая фатаграфія». Яна не пацвердзіла, ці знаходзяцца яны з мужам цяпер у Польшчы, і заявіла, што даказваць невінаватасць праз медыя не збіраецца.
Паводле Belpol і «Кіберпартызанаў», пашпарты прыкрыцця сапраўды існуюць, афармляюцца для канкрэтных задач і могуць нават не трапляць у рукі асоб, на якіх яны аформленыя. Але сам факт іх наяўнасці можа выклікаць падазрэнні, асабліва калі чалавек працуе побач з дэмакратычнай апазіцыяй.
Чытайце таксама:
Фатограф-агент з двума пашпартамі здымае беларусаў і іх мерапрыемствы ў Варшаве
Фатограф-агент Мішчук расказаў сваю версію таго, што адбылося