Важныя змены ў законе аб нерухомасці — яны тычацца рэгістрацыі маёмасці
Пачынаючы з 11 чэрвеня, у Беларусі пачнуць дзейнічаць новыя правілы пры дзяржаўнай рэгістрацыі маёмасці. Вось асноўныя змены.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Без тэрытарыяльнай прывязкі і дыстанцыйна
Па новым законе знікае прывязка да месцазнаходжання аб'екта нерухомасці. Калі раней заяву ад рэгістрацыі трэба было падаваць строга па месцазнаходжання аб'екта, то цяпер можна будзе звярнуцца ў любы офіс па дзяржрэгістрацыі па ўсёй краіне.
Апроч гэтага для зручнасці ўводзіцца магчымасць заключаць дамовы з нерухомасцю дыстанцыйна. Бакі змогуць звяртацца да розных рэгістратараў па месцы свайго жыхарства, а сам працэс узгаднення і падпісання дакументаў будзе ажыццяўляцца адначасова праз відэасувязь.
Натарыус перадасць дакументы за вас
Цяпер пры звароце да натарыуса па пытаннях рэгістрацыі або ўнясення змяненняў у Дзяржаўны рэгістр нерухомай маёмасці грамадзяніну не трэба дадаткова наведваць рэгістрацыйныя органы. Усе неабходныя дакументы натарыус перадасць рэгістратару самастойна.
Не трэба паведамляць пра змены прозвішча і не толькі
Інфармацыю пра змену персанальных даных уласнікаў, змену адрасоў аб'ектаў нерухомасці, ідэнтыфікацыйных звестак суб'ектаў гаспадарання будуць уносіць у Адзіны дзяржаўны рэгістр нерухомай маёмасці ў аўтаматычным рэжыме.
Абавязковасць рэгістрацыі і новыя тэрміны
Заканадаўства падкрэслівае абавязковасць дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці. Уводзіцца агульны тэрмін для звароту па любую рэгістрацыйную дзейнасць — паўгода з даты падпісання дакумента, які стаў падставай для рэгістрацыі.
Акрамя таго, да 1 студзеня 2028 года падаўжаецца тэрмін звароту па легалізацыі самавольна занятых зямельных участкаў.