Страляніна ў аўстрыйскім Грацы: горад шакаваны нападам на школу і пагрузіўся ў жалобу
У Грацы пануюць шок, смутак і недавер пасля самай страшнай страляніны ў сучаснай гісторыі Аўстрыі, у выніку якой загінулі 11 чалавек, уключаючы нападніка, піша Бі-бі-сі.
Фота: Heinz-Peter Bader / AP
«Мы ніколі не маглі сабе ўявіць, што такое можа здарыцца тут. Гэта сумны дзень для ўсяго горада», — сказала Рэка, якая жыве побач са школай.
На працягу многіх гадоў Аўстрыя была пазбаўлена масавых інцыдэнтаў са стралянінай у школах.
Але ўсё змянілася каля 10 гадзін раніцы ў аўторак, калі былы вучань учыніў страляніну ў сярэдняй школе недалёка ад галоўнага вакзала другога па велічыні горада Аўстрыі. Калі адбыўся напад, у школе ішлі ранішнія заняткі. Некаторыя вучні здавалі выпускныя іспыты.
Паліцыі спатрэбілася 17 хвілін, каб узяць сітуацыю пад кантроль. Да моманту заканчэння страляніны шэсць жанчын і трое мужчын былі мёртвыя. Праз некалькі гадзін яшчэ адна дарослая жанчына памерла ў бальніцы. Некалькі пацярпелых былі шпіталізаваныя, некаторыя — з цяжкімі траўмамі.
Стралок, 21-гадовы грамадзянін Аўстрыі, які меў пры сабе дзве адзінкі агнястрэльнай зброі, скончыў жыццё самагубствам.
Былы вучань школы, які так і не здаў выпускныя іспыты, паводле паведамленняў, лічыў сябе ахвярай здзекаў. Мясцовая жыхарка Рэка сказала, што не можа зразумець, як такое нападзенне магло адбыцца ў яе горадзе.
«Гэты раён ціхае, бяспечнае і прыгожае месца, — сказала яна. — Людзі тут добрыя, школа добрая».
Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен сказаў: «Гэты жах немагчыма апісаць словамі. Тое, што сёння адбылося ў школе ў Грацы, ударыла ў самае сэрца нашай краіны. Гэта былі маладыя людзі, у якіх была ўся будучыня наперадзе».
Ён сказаў, што «нічога на дадзены момант не можа палегчыць боль, які адчуваюць бацькі, бабулі і дзядулі, браты і сёстры, сябры забітых».
Канцлер Аўстрыі Крысціян Штокер, які разам з міністрам унутраных спраў Герхардам Карнерам прыбыў на месца здарэння, назваў гэта «нацыянальнай трагедыяй, што скаланула ўсю краіну».
У Аўстрыі абвешчана трохдзённая жалоба. Сцягі ў палацы Хофбург у Вене, дзе знаходзіцца офіс прэзідэнта, будуць спушчаныя.
Аўстрыя з'яўляецца адной з самых узброеных краін Еўропы: паводле даных незалежнага даследчага праекта Small Arms Survey, на 100 чалавек прыпадае каля 30 адзінак агнястрэльнай зброі.
Аднак выпадкі страляніны ў школах тут рэдкасць. За апошнія гады адбылося некалькі інцыдэнтаў, у якіх колькасць ахвяр была значна меншай.
Самы жорсткі напад з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі ў Аўстрыі за апошнія гады адбыўся ў цэнтры Вены ў лістападзе 2020 года. Чатыры чалавекі загінулі і 22 атрымалі раненні, калі раней асуджаны за сувязі з джыхадысцкімі групоўкамі адкрыў агонь у цэнтры горада, перш чым быў застрэлены паліцыяй.
Кулямёты і помпавыя ружжы забароненыя, а на рэвальверы, пісталеты і паўаўтаматычную зброю неабходна атрымліваць дазвол. Вінтоўкі і драбавікі дазволеныя пры наяўнасці ліцэнзіі на агнястрэльную зброю або паляўнічай ліцэнзіі, а таксама для членаў традыцыйных стралковых клубаў.
Паводле звестак, той, хто ўчыніў страляніну ў Грацы, валодаў агнястрэльнай зброяй на законных падставах і не меў судзімасцяў. Паводле аднаго з паведамленняў, адзін з ствалоў быў набыты ўсяго за дзень да нападу.
Побач са школай малады чалавек на ровары назіраў, як паліцыя прапускала аўтамабілі экстраных службаў праз ачапленне.
«Гэта жахліва, — сказаў ён мне. — Гэта мой дом. Я не магу зразумець, як так шмат маіх аднагодкаў загінулі. Гэта не павінна было здарыцца».