Латвія разварочвае пасажырскія аўтобусы і вяртае іх у Беларусь. Вось у чым прычына
Днямі ў прыгранічных чатах з'явілася інфармацыя пра тое, як латвійскія мытнікі не пусцілі ў краіну два аўтобусы запар, якія ехалі з Беларусі.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Памежны камітэт Беларусі
Падарожнікі, якія днямі ехалі турыстычным аўтобусам з Беларусі ў Іспанію праз беларуска-латвійскую мяжу, расказалі ў адмысловым чаце, як пасля праверкі колькасці паліва ў аўтобусах латвійская мытня вяртала аўтобусы з пасажырамі ў Беларусь.
«Латвійцы нас высадзілі з аўтобуса, і яго пагналі на рэнтген — правяраць, колькі паліва. Перад намі адзін аўтобус латвійцы развярнулі назад: перабор паліва, паехалі ў РБ зліваць. Мы чакаем у зале», — пачынае аповед падарожнік.
Скрыншот: granica_bypl / Telegram
У аўтобусе, на якім ён ехаў, таксама быў перабор паліва. Лішнімі аказаліся 20 літраў, з-за чаго аўтобус, які накіроўваўся ў Іспанію, не прапусцілі ў Латвію. Кіроўца аўтобуса тлумачыў, што па прыборах немагчыма вызначыць дакладную колькасць паліва, таму ён нібыта не мог ведаць, што ў баку будзе на 20 літраў больш, чым трэба.
Праўда, аўтар паведамлення мяркуе, што лішніх літраў магло быць болей за 20.
Для даведкі: аб'ём паліўнага бака ў турыстычным аўтобусе складае каля 500 літраў, таму 20 літраў пры такім аб'ёме — гэта сапраўды вельмі мала, каб па прыборы можна было з дакладнасцю вызначыць, колькі ў баку літраў.
І тут рэч у тым, што з 1 студзеня 2025 года Латвія ўвяла абмежаванні на максімальны аб'ём паліва — 200 літраў, незалежна ад таго, які аб'ём бака ў транспартным сродку.
У выніку, праз тое, што аўтобусу давялося вяртацца ў Беларусь і зліваць лішкі паліва, на перасячэнне беларуска-латвійскай мяжы сышло каля 30 гадзін.
Адметна, што падчас другой спробы перасекчы мяжу латвійская мытня правярала аб'ём паліва, абапіраючыся толькі на паказанні прыборнай панэлі аўтобуса.