БЕЛ Ł РУС

Віленскі суд адфутболіў Балкунца, які скардзіўся літоўскім уладам на Вячорку і Матольку

10.06.2025 / 12:19

Nashaniva.com

Ён хацеў, каб Літва расследавала ўзлом «Гаюна», але яго заяву адхілілі.

Дзмітрый Балкунец

Палітык Дзмітрый Балкунец апублікаваў вызначэнне Віленскага акруговага суда, якое ставіць кропку ў яго перапісцы з літоўскімі ўладамі наконт праекта «Беларускі Гаюн».

У лютым 2025 года Балкунец і Руслан Хазін (былы работнік «Гродна Азота», у 2012-м з’ехаў у Санкт-Пецярбург, жыў у Расіі) напісалі ў генеральную пракуратуру Літвы з просьбай грунтоўна расследаваць узлом праекта «Беларускі Гаюн» Антона Матолькі. Яны паведамлялі літоўскім сілавікам, што да яго дзейнасці можа быць датычны Франак Вячорка.

Логіка Балкунца і Хазіна была ў тым, што праект «Беларускі Гаюн» нібыта ствараўся літоўскай юрыдычнай асобай BNR100 Consortium, а значыць, хай Літва і разбіраецца з усімі, датычнымі да яго.

Папяровая вайна ішла некалькі месяцаў.

Паліцэйскі камісарыят дадаткова апытаў заяўнікаў і адмовіўся пачаць дасудовае следства. Тады Балкунец і Хазін паскардзіліся ў пракуратуру. Зноў міма. Нарэшце Балкунец і Хазін пайшлі ў Віленскі гарадскі ўчастковы суд — абскарджваць рашэнне пракурора.

Суддзя часткова стала на іх бок і папрасіла пракуратуру і паліцэйскіх усё ж разабрацца ў справе. Гэта не спадабалася ўжо пракурору — і ён напісаў скаргу ў вышэйстаячы суд.

І вось 3 чэрвеня 2025 года Віленскі акруговы суд паставіў кропку ў пытанні.

«Заяўнікі сцвярджаюць, што прадстаўнікі BNR100 Consortium маглі быць датычнымі да здзяйснення злачыннай дзеі, але яны не прад'явілі ніякія аб'ектыўныя дадзеныя, якія могуць гэта пацвердзіць. Адны толькі суб'ектыўныя развагі заяўнікаў не дазваляюць рабіць такую ​​выснову, — гаворыцца ў дакуменце. — Суд вырашыў, што няма ніякіх звестак пра тое, што злачыннае дзеянне магло быць здзейснена на тэрыторыі Літвы, альбо грамадзянамі Літвы, альбо тымі, хто пастаянна жыве ў Літве».

Заява Балкунца і Хазіна канчаткова адхілена, абскарджваць яе немагчыма.

Чытайце таксама:

Балкунец хоча праехацца на веласіпедзе з Варшавы да мыса Рока ў Партугаліі

Балкунец заклікае зрываць выбарчыя плакаты. Але за гэта могуць саджаць

Балкунец пераконвае, што праз памілаванне выходзяць людзі выключна з яго гуманітарнага спісу

Каментары да артыкула