П'яны мужчына катаўся на электрамапедзе па Верхнядзвінску і паказаў фак міліцыі
Па Верхнядзвінску на электрамапедзе катаўся нецвярозы 43-гадовы мужчына. Нехта паведаміў пра яго ў міліцыю.
Скрын відэа: МУС
Калі мужчыну даставілі ў аддзяленне, ён стаў нецэнзурна пасылаць міліцыянтаў і паказаў ім фак (мяркуючы па апублікаваным сілавікамі відэа). У выніку кіроўцу скруцілі на падлозе, да яго ўжылі спецыяльныя сродкі, паведамляе МУС.
Медыцынскі агляд паказаў, што ў крыві мужчыны 5,6 праміле.
На яго склалі адміністрацыйныя пратаколы за кіраванне транспартам у п'яным выглядзе і без правоў, абразу і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі пры выкананні імі службовых абавязкаў.