Колькі каштуюць ягады, гародніна і садавіна на «Камароўцы»
У пятніцу журналісты зазірнулі на Камароўскі рынак, каб даведацца, якія цэны чакаюць мінчан у выхадныя. Сезон у самым разгары: на прылаўках — багацце беларускай зеляніны, ягад і садавіны. Асабліва актыўна разбіраюць клубніцы, піша Onliner.by.
На клубніцы цяпер вялікі выбар і розны разлёт цэн — ад 10,99 да 25 рублёў за кілаграм. Самыя дарагія ягады — буйныя, з глянцавым бляскам, як з рэкламы. У продажы таксама шмат чарэшні (ад 20 рублёў за кіло), з’явіліся беларускія маліны (10—25 руб. за латок), жымаласць (каля 20 руб. за шкляначку) і чарніцы, за якія просяць ад 69 да 90 рублёў.
Абрыкосы пакуль не танныя — 10,9—12,9 руб./кг, але гандляры абяцаюць зніжэнне цэн пасля новых паставак з Малдовы і Арменіі. Нектарыны ў раёне 20 рублёў. Ёсць таксама кавуны і дыні з Ірана. Кавун можна ўзяць па акцыі — за 6,5 рубля, дыні абыдуцца даражэй — прыкладна 11,9 рубля за кілаграм.
Сярод гародніны попытам карыстаюцца агуркі (ад 4,5 да 8 рублёў), памідоры (6,9—19,9 рублёў), рэдзька (4,5—6 рублёў) і зеляніна, якая вагаецца ў цане ад 0,8 да 1,5 рубля за пучок. За маладую бульбу просяць ад 4 да 8 рублёў, а леташнюю аддаюць прыкладна за 5 рублёў.