Расія не зможа аднавіць страты дальняй авіяцыі пасля ўкраінскай аперацыі «Павуцінне»
Расіі няма чым замяніць самалёты-бамбавікі, знішчаныя ўкраінскімі дронамі падчас аперацыі «Павуцінне». Падбітыя судны не вырабляюцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, а новых самалётаў для далёкай авіяцыі прыйдзецца чакаць доўга, піша The Moscow Times.
Фота: Ssu.gov.ua
На ядзерны патэнцыял Расіі страты асабліва не паўплываюць, бо ён у асноўным складаецца з ракет наземнага і падводнага базавання, кажуць заходнія экспэрты, з якімі пагутарыла Reuters. Аднак падбітыя бамбавікі Ту-95МС і Ту-22М3 былі часткай парку дальняй авіяцыі, і іх Расія выкарыстала на працягу ўсёй вайны для нанясення удараў звычайнымі ракетамі па ўкраінскіх гарадах, абаронных заводах, вайсковых базах, энергетычных аб'ектах і іншым цэлях, кажа Джасцін Бронк, эксперт па авіяцыі з Лонданскага каралеўскага аб'яднанага інстытута абаронных даследаванняў (RUSI).
На распаўсюджаных Службай бяспекі Украіны відэакадрах атакі дронаў відаць, што некаторыя самалёты забяспечаныя крылатымі ракетамі Х-101. Гэтыя ж самалёты перыядычна здзяйснялі патрульныя палёты ў Арктыцы, Паўночнай Атлантыцы і паўночнай частцы Ціхага акіяна для дэманстрацыі сілы і стрымлівання заходніх праціўнікаў Расіі.
Перад уварваннем ва Украіну ў 2022 годзе Расія мела паветраны флот з 50-60 самалётаў Ту-95МС і каля 60 Ту-22М3, а таксама прыкладна 20 цяжкіх бамбавікоў Ту-160М, здольных несці ядзерныя боегалоўкі, кажа Бронк. Па яго ацэнцы, яна страціла больш за 10% сукупнага парку Ту-95МС і Ту-22М3, улічваючы атакі ў рамках аперацыі СБУ «Павуцінне» і больш раннія страты.
Па даных Oryx, да мінулых выхадных Расея страціла пяць Ту-22М3 і адзін Ту-95М. Гэтыя страты «акажуць сур'ёзны ціск на ключавую расійскую сілу, якая і так ужо дзейнічала на мяжы магчымасцяў», сказаў Бронк Reuters.
На самай справе страты могуць быць большымі, хоць дакладныя ацэнкі адрозніваюцца. СБУ і Генштаб Украіны паведамілі, што вывелі са строю 41 паветранае судна Паветрана-касмічных сіл РФ, уключаючы Ту-95МС і Ту-22М3, а таксама самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50.
У НАТА The Moscow Times пацвердзілі маштабы шкоды: «Украінскім вайскоўцам удалося пашкодзіць больш за 40 расійскіх самалётаў. Ад 10 да 13 з іх былі знішчаныя, у тым ліку як мінімум адзін разведвальны самалёт А-50».
Паводле ацэнкі ЗША, удару зазналі да 20 самалётаў, з якіх каля 10 былі знішчаныя, расказалі Reuters два амерыканскія чыноўнікі. Пра 20 самалётаў са спасылкай на чыноўнікаў ЗША, знаёмых са звесткамі разведкі, пісала і The New York Times, хоць гэта было да таго, як СБУ ў сераду апублікавала новыя відэа з дронаў, якія атакавалі расійскія авіябазы.
На гэтых відэа, у прыватнасці, бачна, як дроны прызямляюцца на два самалёты А-50. Невядома, праўда, ці нанеслі яны ім страты, бо здымка завяршаецца да магчымага выбуху. На самалётах не відаць рухавікоў, то ёсць магчымасць, што яны не эксплуатаваліся, сказаў The Wall Street Journal Сэм Лэйр з Даследчага цэнтра па нераспаўсюджанні зброі Джэймса Марціна. На зробленых у панядзелак спадарожнікавых здымках адсутнічае адзін з пяці А-50, якія знаходзіліся на базе.
Замяніць Ту-95М і Ту-22М3 будзе праблематычна. Яны былі знятыя з вытворчасці яшчэ ў савецкі час, а наяўныя самалёты мадэрнізаваліся, кажа Дуглас Бары, эксперт па аэракасмічнай тэхніцы з Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў у Лондане. Узнаўленне такіх жа самалётаў ён лічыць вельмі малаверагодным, і невядома, ці ёсць у Расіі хоць бы прыдатныя для выкарыстання карпусы для іх. Акрамя таго, заходнія санкцыі абмяжоўваюць паступленне ў Расею такіх кампанентаў, як мікрапрацэсары, якія неабходныя для авіёнікі, хоць часткова ёй удаецца закупляць іх па альтэрнатыўных каналах, дадае Бары.
Расія вырабляе Ту-160М, але, як паведаміў адзін Z-блогер, усяго чатыры штукі на год, адзначае Reuters. Павольна ідзе і распрацоўка шматмэтавага стратэгічнага бамбавіка-ракетаносца новага пакалення ПАК ДА.
Выпрабавальныя палёты запланаваныя не раней наступнага года, а вытворчасць можа пачацца толькі ў 2027 годзе. Цяпер, пасля страты часткі дальняй авіяцыі, трэба было б паскорыць працэс, але гэта наўрад ці магчыма, мяркуе Ханс Крыстэнсэн з Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў.
Бронк з RUSI таксама скептычны: «Праз недахоп бюджэтных сродкаў і санкцыйных абмежаванняў на пастаўку матэрыялаў і тэхналогій Расіі ў прынцыпе будзе цяжка выканаць праграму ПАК і ў найбліжэйшыя пяць гадоў, не кажучы ўжо пра яе паскарэнне».
Мік Малрой, былы намеснік памочніка міністра абароны ЗША, сказаў WSJ:
«Павуцінне» ўвойдзе ў гісторыю як адна з самых эфектыўных спецаперацый з выкарыстаннем разведдадзеных. Таемная распрацоўка платформы для яе правядзення, аператыўная бяспека, якую ўдалося забяспечыць для яе рэалізацыі, а таксама майстэрства і вопыт, неабходныя для выканання, былі выключнымі».
{POLL#1255}
Чытайце таксама:
Зяленскі: Падчас аперацыі «Павуцінне» пашкоджаны 41 расійскі самалёт. Палову ўжо не аднавіць.
Украінская разведка ўзламала рэсурсы вытворцы стратэгічнай авіяцыі Расіі
Кіроўцы фур з дронамі, што атакавалі расійскія аэрадромы, расказалі, хто і навошта іх наняў