БЕЛ Ł РУС

«Больш за 600 стабальных вынікаў». Сёння стануць вядомыя вынікі першага ЦЭ

6.06.2025 / 10:22

Nashaniva.com

Сёння стануць вядомыя вынікі цэнтралізаванага экзамена ад 26 мая па 14 профільных вучэбных прадметах, піша БелТА.

Фота: БелТА

У цэнтралізаваным экзамене па 14 профільных вучэбных прадметах, які адбыўся 26 мая, узялі ўдзел 56,9 тыс. выпускнікоў школ.

«Удзельнікі экзамена паказалі дастаткова добрыя вынікі. Максімальна магчымы вынік — 100 балаў па профільных вучэбных прадметах у асноўны дзень правядзення ЦЭ змаглі атрымаць 622 вучні, у 2024 годзе такіх было 636. Стабальнікі ёсць па 13 вучэбных прадметах. Больш за ўсё максімальных вынікаў па матэматыцы — 175. Не змаглі справіцца з экзаменацыйнай работай (атрымалі нуль балаў) 64 выпускнікі, у 2024 годзе такіх таксама было 64 чалавекі», — расказалі ў Мінадукацыі.

Сярэднія балы па ўсіх вучэбных прадметах перавысілі адзнаку ў пяцьдзясят балаў. Так, сярэдні бал па матэматыцы склаў 60,9 бала, па хіміі — 63,4, па гісторыі Беларусі — 65,9, па грамадазнаўстве — 58,7, па фізіцы — 65,9.

«Колькасць выпускнікоў, якія па выніках ЦЭ атрымалі адзнакі 9 і 10, добра карэлюе ў працэнтных суадносінах з гадавымі школьнымі адзнакамі. Колькасць выпускнікоў, якія па выніках ЦЭ атрымалі нездавальняючыя адзнакі, нязначная. Тыя выпускнікі, якія не змаглі ўзяць удзел у цэнтралізаваным экзамене ў асноўныя тэрміны, змогуць прайсці яго ў рэзервовыя дні», — дадалі ў міністэрстве.

Сёлета рэзервовымі днямі правядзення ЦЭ вызначаныя 21 і 23 чэрвеня, якія сумешчаныя з рэзервовымі днямі цэнтралізаванага тэсціравання.

Інфармацыю пра вынікі ЦЭ можна атрымаць у асабістым кабінеце на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула