БЕЛ Ł РУС

Гродзенскі «Нёман» другі раз запар стаў уладальнікам Кубка Беларусі па футболе

24.05.2025 / 22:45

Nashaniva.com

У вырашальным матчы гродзенцы перамаглі з буйным лікам 3:0 жодзінскі «Тарпеда-БелАЗ».

Усе тры галы былі забітыя ў другім тайме. Спачатку на 56-й хвіліне адзначыўся Іван Садаўнічы, на 59-й поспех замацаваў Сяргей Пушнякоў, а на 80-й рысу падвёў Ягор Зубовіч.

«Нёман» заваяваў Кубак Беларусі трэці раз у гісторыі, прытым сёлетні поспех — другі запар, бо ў мінулым годзе трафей таксама дастаўся гродзенцам, якія перамаглі ў фінальным матчы з лікам 2:0 «Іслач». А першы раз яны сталі ўладальнікамі гэтага прызу у далёкім 1993 годзе, перамогшы на мінскім стадыёне «Дынама» з лікам 2:1 рэчыцкі «Ведрыч».

Акрамя ўласна гульні, сёлетні фінал запомніцца традыцыйна эксцэнтрычнымі паводзінамі галоўнага трэнера «Нёмана» 57-гадовага Ігара Кавалевіча, які ўзначальвае каманду ўжо 9 гадоў. Ён то падбіваў нагой уласную кепку, то пасля гульні агаляў свой зусім не спартыўны торс. 

Дарэчы, Ігар Кавалевіч — усебеларускі рэкардсмен сярод галоўных трэнераў, якія заваёўвалі са сваімі камандамі Кубак Беларусі. Цяперашні трафей для яго ўжо чацвёрты, бо ў 2009 і 2012 гадах яму ўдалося гэта двойчы зрабіць з іншай камандай — наваполацкім «Нафтанам».

Перад матчам адзначыўся таксама нядаўна прызначаны старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, які не толькі даваў наказы «Нёману», але і сам прабіваў пенальці галкіперу Максіму Бялову. Яму нават удалося адзін раз забіць, хоць выглядае, што брамнік проста паддаўся.

Чытайце таксама:

У матчы Кубка Беларусі па футболе адбылася масавая бойка паміж гульцамі ВІДЭА

Чарговы беларускі трэнер узначаліў кіпрскі «Арыс»

Футбаліста зборнай Беларусі, які раней гуляў у партугальскім клубе, а цяпер у расійскім, прызвалі ў армію, ён ужо прыняў прысягу

Каментары да артыкула