Брытанія, Францыя і Канада прыгразілі Ізраілю «канкрэтнымі дзеяннямі»
Прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі і Канады, а таксама прэзідэнт Францыі ў сумеснай заяве прыгразілі Ізраілю «канкрэтнымі дзеяннямі», калі той не спыніць аперацыю ў Газе і не адменіць абмежаванні на пастаўкі дапамогі, піша Бі-бі-сі.
Палесцінцы атрымліваюць ежу на кухні ў Джабаліі. Фота: Jehad Alshrafi / AP
Кір Стармер, Марк Карні і Эмануэль Макрон падкрэсліваюць, што заўсёды выступалі за права Ізраіля на самаабарону, але цяпер лічаць яго новае наступленне на сектар Газа цалкам непрапарцыйным адказам.
Рашэнне ж ізраільскіх уладаў прапускаць у сектар толькі мінімальна неабходную колькасць гуманітарнай дапамогі лідарам Вялікабрытаніі, Францыі і Канады падаецца цалкам неадпаведным сітуацыі.
Якімі могуць быць «канкрэтныя дзеянні» гэтых краін супраць Ізраіля, у заяве не ўдакладняецца.
Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху назваў заяву Стармера, Макрона і Карні «вялікай узнагародай тым, хто ўчыніў генацыд 7 кастрычніка 2023 года», і запэўніў, што Ізраіль будзе ваяваць да перамогі над ХАМАС.