БЕЛ Ł РУС

Трамп пра вынікі размовы з Пуціным: Перамовы паміж Расіяй і Украінай пачнуцца неадкладна

19.05.2025 / 20:47

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сацсетцы Truth Social напісаў сваю версію вынікаў двухгадзіннай размовы з расійскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным. 

Дональд Трамп. Фота: AP / Alex Brandon

«Толькі што завяршыў двухгадзінную размову з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Лічу, што яна прайшла вельмі добра.

Расія і Украіна неадкладна пачнуць перамовы аб спыненні агню і, што яшчэ важней, пра поўнае завяршэнне вайны. Умовы будуць узгодненыя паміж двума бакамі — як і павінна быць, бо толькі яны ведаюць падрабязнасці перамоўнага працэсу, якія недаступныя нікому іншаму. Тон і дух размовы былі выдатныя. Калі б гэта было не так, я сказаў бы пра гэта проста цяпер, а не пазней.

Расія хоча развярнуць маштабны гандаль са Злучанымі Штатамі пасля завяршэння гэтай катастрафічнай «крывавай лазні», і я падтрымліваю гэтую ідэю. Расія мае каласальныя магчымасці для стварэння працоўных месцаў і павелічэння дабрабыту. Яе патэнцыял — бязмежны. Украіна таксама можа стаць буйным бенефіцыярам гандлёвых адносін у працэсе аднаўлення сваёй краіны.

Перамовы паміж Расіяй і Украінай пачнуцца неадкладна. Я паведаміў пра гэта прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, прэзідэнту Еўрапейскай камісіі Урсуле фон дэр Ляен, прэзідэнту Францыі Эмануэлю Макрону, прэм’ер-міністру Італіі Джорджы Мелоні, федэральнаму канцлеру Германіі Фрыдрыху Мерцу і прэзідэнту Фінляндыі Аляксандру Стубу падчас тэлефоннай размовы адразу пасля гутаркі з прэзідэнтам Пуціным.

Ватыкан, паводле слоў Папы Рымскага, выказаў моцную зацікаўленасць у правядзенні гэтых перамоў на сваёй тэрыторыі.

Няхай працэс пачнецца!»

Чытайце таксама:

Пуцін паведаміў, пра што гаварыў з Трампам

«Пуцін не ведае, як выйсці з вайны». Вэнс заявіў пра тупік ва ўкраінскім урэгуляванні

Мелоні і Макрон пасварыліся наконт Украіны. Мерц стараецца іх памірыць

Трамп не стаў лічыць Пуціна перашкодай на шляху да міру

Каментары да артыкула