БЕЛ Ł РУС

Мерц: Еўропа далёкая ад таго, каб гаварыць аб увядзенні войскаў ва Украіну

18.05.2025 / 8:13

Nashaniva.com

Еўропа пакуль не абмяркоўвае магчымасць адпраўкі войскаў ва Украіну — Мерц і Мелоні заклікалі засяродзіцца на спыненні агню.

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер і канцлер Германіі Фрыдрых Мерц падчас сустрэчы па бяспецы Украіны на 6-м саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці, 16 мая 2025 года, у Тыране, Албанія. Фота: Leon Neal / Pool via AP

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц і прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні заявілі, што цяпер Еўропа не разглядае магчымасць адпраўкі войскаў ва Украіну, бо галоўным прыярытэтам з’яўляецца дасягненне безумоўнага спынення агню з боку Расіі, піша Reuters.

«Наступным крокам павінна стаць вызначэнне фармату мірных перамоваў і магчымых гарантый бяспекі для Украіны, калі яны калі-небудзь спатрэбяцца. Але цяпер пра гэта гаварыць яшчэ рана», — сказаў Мерц. «Няма ніякай прычыны казаць пра [войскі] цяпер, мы далёка ад гэтага. Мы хочам, каб спынілася зброя, каб спыніліся забойствы… вось над чым мы працуем цяпер. І не над чым іншым», — дадаў ён.

У пятніцу ў Албаніі прайшла сустрэча лідараў Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі і Польшчы разам з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Яны таксама правялі тэлефонную размову з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, які паведаміў, што ў панядзелак збіраецца пагаварыць з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным.

Прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні на сустрэчы не прысутнічала. Італьянскія СМІ сцвярджаюць, што гэта было зроблена наўмысна, паколькі прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон нібыта не хацеў яе бачыць у гэтым коле.

Каментуючы сітуацыю, Мелоні адзначыла: «Італія гатовая далучыцца да любога міжнароднага фармату, які накіраваны на спыненне вайны, але неабходна пазбягаць расколу ўнутры Захаду. Заходняе адзінства было нашай галоўнай моцай з пачатку ўварвання Расіі. У такі далікатны момант трэба адкласці асабістыя супярэчнасці, якія могуць падарваць гэта адзінства».

Мерц таксама паведаміў, што Еўрасаюз працуе над новым пакетам санкцый супраць Масквы пасля няўдалых перамоў у Стамбуле, дзе ўпершыню за тры гады адбыўся асабісты кантакт прадстаўнікоў Расіі і Украіны. «Перамовы ў Стамбуле не апраўдалі нашых чаканняў, нягледзячы на вельмі канструктыўную пазіцыю ўкраінскіх перамоўшчыкаў», — адзначыў ён.

Пазіцыя Мерца наконт войскаў супадае з лініяй яго папярэдніка Олафа Шольца, які таксама лічыў, што зараз галоўнае — дасягненне мірнага пагаднення.

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер раней выказваўся за магчымасць накіравання міратворцаў, але толькі пры наяўнасці амерыканскіх гарантый бяспекі для еўрапейскіх краін.

Расія неаднаразова адхіляла ідэю прысутнасці заходніх салдат з краін НАТА ва Украіне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула