БЕЛ Ł РУС

У Глыбоцкім раёне заўважылі аблокі, падобныя да вымені. Што за яны?

16.05.2025 / 20:49

Nashaniva.com

У Глыбоцкім раёне 16 мая заўважылі рэдкія аблокі, якія вонкава нагадваюць вымя жывёл. Фота аблокаў даслала ў выданне «Смартпрэс» ягоная чытачка Алена.

Алена расказала, што здымак зроблены ў вёсцы Зябкі. Надвор'е ў той момант была вельмі зменлівае — то свяціла сонца, то ішоў дождж.

«Падымаю галаву ўверх — а там такія аблокі незвычайныя. Неба было настолькі нязвыклым, што нават страшна трохі стала. Мудрагелістыя аблокі з'явіліся раптоўна — і хутка растварыліся», — падзялілася ўражаннямі жанчына.

У Белгідрамеце «Смартпрэсу» патлумачылі, што гэта слаіста-кучавыя вымепадобныя аблокі (Stratocumulus mammatus) — і яны «даволі рэдкія».

Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, тэрмін mammatus паходзіць ад лацінскага слова mamma, які азначае «вымя» або «грудзі». Такая з'ява фарміруецца ў выніку сыходзячых плыняў халоднага паветра (усе «звычайныя» аблокі ўтвараюцца пры ўзыходзячых).

Механізмы фарміравання «маматусаў» да канца не вывучаныя. Існуюць розныя гіпотэзы, адна з іх — астуджэнне паветра з-за выпарэння ападкаў.

Слаіста-кучавыя аблокі звычайна нізка размешчаныя. Калі пад іх асновай з'яўляецца вымепадобны дадатак, то яны набываюць вельмі незвычайны і нават драматычны выгляд.

З'яўленне «маматусаў» у аблокаў часта асацыюецца з нестабільнымі атмасфернымі з'явамі. Аднак самі па сабе яны не з'яўляюцца прыкметай небяспекі.

Чытайце таксама:

Пад Брэстам сфармаваўся навальнічны каўнер ФОТАФАКТ

У Ганцавіцкім раёне заўважылі віхор ВІДЭА

Рэкі на Палессі ўжо цяпер дасягаюць узроўню вады, пры якім лімітуецца суднаходства. А лета яшчэ не пачалося

Каментары да артыкула