БЕЛ Ł РУС

Дэпутаты пайшлі па крамах інспектаваць чырвона-зялёныя сцяжкі. І зрабілі заўвагі кіраўніцтву

16.05.2025 / 14:33

Nashaniva.com

Дэпутаты правяралі, ці правільна прадаюць дзяржсімволіку ў крамах. Спадабалася ім не ўсё.

Дэпутат робіць заўвагу кіраўніку крамы наконт сцяжка. Кіраўнік уважліва слухае і запісвае. Фота: Палата прадстаўнікоў

Дэпутаты з камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве прыбылі з праверкай у 30 крамаў у Мінску, Гомелі, Светлагорску, Століне і Ваўкавыску.

Яны правяралі наяўнасць у шырокім асартыменце тавараў з дзяржаўнай сімволікай, узровень цэн на іх, выкананне парадку выкладкі гэтых тавараў, у тым ліку побач з касамі.

Як адзначылі дэпутаты, у крамах прадаюцца сцяжкі, бутаньеры, блакноты, посуд і падарункавая ўпакоўка.

Дэпутат праводзіць інспекцыю чырвона-зялёнага сцяжка. Фота: Палата прадстаўнікоў

Папяровы сцяжок на палцы, як заяўляецца, каштуе ад 0,75 да 2,00 рубля, тканінны на палачцы — ад 7,06 да 7,99 рубля, папяровы на падстаўцы — 2,40 рубля, тканінны на падстаўцы — ад 9,72 да 17,38 рубля.

Але спадабалася дэпутатам не ўсё. Кіраўнікам некаторых крамаў яны зрабілі заўвагу аб няправільнай выкладцы сцяжкоў. Па правілах, сімволіку трэба выкладаць так, каб яна выдзялялася на фоне іншых тавараў. Акрамя таго, павінна быць таблічка «Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь» — відавочна, каб ніхто дакладна не зблытаў.

Чытайце таксама:

«Алё, ідэолагі, вы там зусім ку-ку?»: беларус абурыўся шалёным коштам папяровага чырвона-зялёнага сцяжка

Каментары да артыкула