Папа Леў ХІV прапанаваў Ватыкан у якасці перамоўнай пляцоўкі
Новы Папа прапануе Ватыкан як перамоўную пляцоўку паміж Украінай і Расіяй пасля таго, як стала відавочна, што перамовы ў Стамбуле не прывядуць да жаданага выніку.
Папа Леў XIV. Фота: AP Photo / Andrew Medichini
Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал П'етра Паралін, яго словы цытуе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на італьянскае выданне La Stampa.
Паралін назваў вынік сустрэч у Стамбуле «трагедыяй».
«Усё гэта трагічна, бо мы спадзяваліся, што пачнецца працэс, магчыма павольны, але з мірным вырашэннем канфлікту. А замест гэтага мы зноўку на пачатку», — заявіў дзяржаўны сакратар Ватыкана на палях мерапрыемства, прысвечанага саміту ў Стамбуле.
«Цяпер мы паглядзім, што рабіць далей, але сітуацыя вельмі складаная, драматычная», — дадаў Паралін.
Папа мае намер, адзначыў ён, «у выпадку неабходнасці прапанаваць Ватыкан, Святы Пасад, для правядзення непасрэднай сустрэчы паміж двума бакамі».