БЕЛ Ł РУС

Памятныя манеты Нацбанк цяпер будзе чаканіць у Беларусі

15.05.2025 / 17:51

Nashaniva.com

Нацыянальны банк вырашыў наладзіць вытворчасць памятных і інвестыцыйных манет унутры краіны замест таго, каб замаўляць іх за мяжой. Пра гэта паведаміў старшыня праўлення Нацбанка Раман Галоўчанка.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Нацбанк

Раней большасць такіх беларускіх манет выраблялася ў замежных краінах, аднак цяпер улады хочуць стаць больш незалежнымі і скараціць залежнасць ад імпарту. Таму манетную вытворчасць вырашылі перанесці ў Беларусь, на гомельскае прадпрыемства «Крышталь», якое раней займалася вытворчасцю ювелірных вырабаў.

Раман Галоўчанка адзначыў, што гэта прадпрыемства мае добры ўзровень тэхналагічнай базы, абсталяванне і спецыялістаў, і пасля некаторага абнаўлення вытворчасці зможа якасна вырабляць манеты. Ідэя пайшла ад самога Нацбанка.

Галоўчанка таксама дадаў, што цяпер назіраецца высокі попыт на манеты з каштоўных металаў — як памятныя, так і інвестыцыйныя, бо яны лічацца надзейным актывам. Людзі, маўляў, усё часцей аддаюць перавагу рэальным каштоўным металам, а не безнаяўным металічным рахункам.

Плануецца, што Беларусь зможа выпусціць сваю першую інвестыцыйную манету на ўласных магутнасцях ужо ў гэтым годзе.

Раней памятныя манеты, напрыклад, прысвечаныя 80-годдзю Перамогі, вырабляліся ў Казахстане, а звычайныя разліковыя манеты (1, 2, 5 капеек і інш.) — у Літве і Славакіі.

Чытайце таксама:

Беларусцы не ўдалося завезці з Польшчы 296 срэбных манет

Беларускую банкноту ў гонар 80-годдзя Перамогі ўжо за вялікія грошы перапрадаюць на eBay

Побач з Нацбанкам выстраілася вялікая чарга. Хтосьці нават стаяў усю ноч

Золатавалютныя рэзервы пабілі новы рэкорд

Каментары да артыкула