БЕЛ Ł РУС

Футбаліста зборнай Беларусі, які раней гуляў у партугальскім клубе, а цяпер у расійскім, прызвалі ў армію, ён ужо прыняў прысягу

15.05.2025 / 11:2

Nashaniva.com

22-гадовы беларускі паўабаронца махачкалінскага «Дынама» Кірыл Зіновіч прызваны на тэрміновую службу ў армію. Пра гэта паведаміў расійскі журналіст Сяргей Ільеў, піша «Беларускі футбол».

Фота: ФК «Дынама» Махачкала

Паводле яго звестак, Зіновіч пасля атрымання позвы вярнуўся на радзіму, дзе прыняў прысягу. Адзначаецца, што паўабаронца правёў дзень у транспартных войсках, пасля чаго вярнуўся ў размяшчэнне «Дынама» і прыняў удзел у матчы супраць «Зеніта».

— Фактычна цяпер ён знаходзіцца ў звальненні. Пасля заканчэння сезона ў маі гулец павінен адправіцца ў частку. Служыць яму паўтара года.

Які выхад з гэтай сітуацыі? Пераход Зіновіча ў клуб з роднай краіны, дзе ён зможа сумяшчаць футбол і вайсковую службу? У якасці варыянта — працяг кар’еры ў «Слуцку»: ён служыць паблізу, — адзначае Ільеў.

У цяперашнім сезоне Зіновіч правёў 31 матч за «Дынама». У сакавіку гэтага года паўабаронца дэбютаваў за нацыянальную зборную Беларусі ў гульні супраць Таджыкістана.

Варта адзначыць, што кантракт 22-гадовага гульца з клубам РПЛ дзейнічае яшчэ два гады.

Увосень 2022 года Кірыл перайшоў у партугальскую «Віторыю», але яго заявілі ў склад другой каманды, якая выступала ў трэцім дывізіёне чэмпіянату Партугаліі. Правёў за клуб 25 матчаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула