Абмен усіх палонных і спыненне агню. Зяленскі назваў тэмы для перамоваў з Пуціным у Стамбуле
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што сустрэча з Пуціным у Стамбуле, калі яна адбудзецца, не павінна быць толькі сімвалічнай.
Фота: Efrem Lukatsky / AP
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у інтэрв’ю Liberation, што мае намер абмеркаваць з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным абмен усіх палонных і спыненне агню.
Зяленскі падкрэсліў, што сустрэча з Пуціным у Стамбуле, калі яна адбудзецца, не павінна быць толькі сімвалічнай.
«Мы павінны выйсці з палітычнай перамогай — спыненнем агню, абменам усіх палонных на ўсіх палонных або нечым падобным», — сказаў ён.
На думку прэзідэнта Украіны, для дасягнення выніку неабходныя міжнародныя пасрэднікі, бо «Расія не будзе давяраць нам, мы не будзем давяраць Расіі».
Такім пасрэднікам, паводле яго слоў, маглі б выступіць ЗША. Зяленскі выказаў меркаванне, што ўдзел прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў перамовах можа стаць штуршком для таго, каб Пуцін асабіста прыехаў у Стамбул.
«Калі Пуцін не прыедзе, гэта будзе выглядаць для яго як поўная параза», — заявіў Зяленскі.
10 мая Украіна і яе еўрапейскія саюзнікі заклікалі Расію абвясціць 30-дзённае спыненне агню, пачынаючы з панядзелка, 12 мая. Некалькі гадзін пасля гэтага прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін прапанаваў прамыя перамовы з Украінай, якія могуць пачацца ў чацвер, 15 мая, нагадвае «Медуза».
Зяленскі пацвердзіў, што гатовы сустрэцца з Пуціным асабіста. Пры гэтым, улады РФ дагэтуль афіцыйна не абвясцілі, хто ўзначаліць расійскую дэлегацыю ў Стамбуле. Украінскі бок заявіў, што Зяленскі будзе весці перамовы толькі з Пуціным.
На перамовы ў Турцыю збіраюцца:дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа, спецпасланнікі прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф і Кіт Келаг.
Келаг раней заяўляў, што Дональд Трамп прыляціць на перамовы, калі на сустрэчу прыедзе Пуцін.