БЕЛ Ł РУС

Беларускі спеўны гурт прыехаў у вёску Дашы на Падляшшы. Мясцовая бабуля іх зачаравала

13.05.2025 / 19:29

Nashaniva.com

Музыка Сяржук Доўгушаў падзяліўся відэа і эмоцыямі ад сустрэчы з носьбіткай спеўных традыцый.

Бабулька з вёскі Дашы на Падляшшы. Скрын відэа: douhushau / facebook

Сяржук Доўгушаў — заснавальнік «Спеўных сходаў» і збіральнік фальклору. У 2023 годзе ён заснаваў у Варшаве гурт «Касары», які адраджае традыцыю беларускіх мужчынскіх спеваў. Днямі ён наведаў Падляшша — рэгіён на ўсходзе Польшчы, дзе жывуць аўтахтонныя беларусы.

Разам з «Касарамі» Доўгушаў узяў удзел у абрадзе святкавання свята Юр'я ў вёсцы Дашы — гэта прыгарад мястэчка Кляшчэлі, заснаванага свайго часу віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам. Жыхары вёскі збольшага праваслаўныя і ў штодзённым жыцці карыстаюцца падляшскай гаворкай. Адныя з іх лічаць сябе беларусамі, іншыя — украінцамі, бо мясцовая гаворка блізкая да ўкраінскай мовы.

На сваёй старонцы ў фэйсбуку Доўгушаў расказаў, як яны хадзілі Дашамі і спявалі. І каля адной з хат мясцовая жанчына пачала ім спяваць тутэйшыя песні ў адказ.

«Вось яна, жывая традыцыя! (…) У нейкі момант адчуў сябе як дома — быццам мы ў роднай вёсцы на Палессі», — дзеліцца эмоцыямі Сяржук.

«Хрыстос уваскрос! Як заўша, вы нас выглядаяце!» — вітае мясцовы чалавек старую, якая сядзіць каля плоту на лаўцы, засланай саматканай посцілкай.

А тая адказвае: «Песню заспяваць якуюсь вам хачу. Ці 'шчэ зумею?» — і пачынае.

Там у полю вэрба,
под вэрбою — вада.
Там дівчына прыкрасная,
гэй, да воду там брала.

Дівка воду бэрэ,
козак коня вэдэ,
пытаеться дівчынонькі,
куды дорожынька ідэ…

І туды вона ідэ,
і сюды вона ідэ,
аж до тэі крынычэнькі,
там, дэ войско стояло…».

Песня працягваецца і чуваць, як некаторыя людзі падпяваюць салістцы.

«Вяртаюся з Падляшша — зараджаны і як след адпачыўшы. З «дарамі» і напоўнены мясцовым духам, тутэйшымі традыцыямі, музыкай і спевамі», — дзеліцца эмоцыямі ад паездкі Доўгушаў.

Чытайце таксама:

На Падляшшы знайшлі вялікі архіў здымкаў мясцовых беларусаў стагадовай даўніны

«Калі мужчына спявае, ён адчувае сябе моцным». Сяржук Доўгушаў стварае новы мужчынскі хор

Дуэт Sw@da і Niczos з песняй на падляшскай гаворцы заняў на польскім адборы на «Еўрабачанне» другое месца

Каментары да артыкула