БЕЛ Ł РУС

Круты анансаваў пераход у падліку ахвяр Другой сусветнай у Беларусі ад «кожнага трэцяга» да «кожнага другога»

9.05.2025 / 17:6

Nashaniva.com

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску 9 мая падзяліўся звесткамі пра «велізарную працу» Генеральнай пракуратуры па выяўленні ў Беларусі ўсё новых ахвяр Другой сусветнай вайны. Пры гэтым ён анансаваў, што праз нейкі час ацэнка страт можа пачаць весціся па-новаму. 

Дзмітрый Круты (чацвёрты злева) ускладае кветкі да манумента Перамогі ў Мінску. 9 мая 2025 года

Паводле слоў Крутога, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін нядаўна казаў, што каля 1,5 мільёна дакументаў, прысвечаных вайне, дагэтуль захоўваюцца ў архівах і не разабраныя. Таму нас, маўляў, чакае яшчэ шмат розных адкрыццяў. Тым больш што, як ён сцвярджае:

«Нават тыя факты, якія, здавалася б, добра вядомыя і адлюстраваны ў школьных падручніках і іншых матэрыялах, працягваюць абрастаць новымі падрабязнасцямі. Генеральная пракуратура вядзе ў гэтым кірунку велізарную працу. З нядаўняга — гэта новыя пахаванні і выяўленне трагічных абставінаў, звязаных з падзеямі вайны».

Калі тэмпы, узятыя пракуратурай, захаваюцца надалей, то на працягу найбліжэйшых 5-10 гадоў, як спадзяецца Круты, адкрыецца шмат новага пра вайну, у тым ліку будзе ўзрастаць афіцыйная лічба панесеных ахвяр:

«Прэзідэнт нездарма ў сваім выступленні адзначыў, што сёння мы гаворым «кожны трэці», а не «кожны чацвёрты», як лічылася раней. Але баюся, як бы да стагоддзя Вялікай Перамогі мы не пачалі казаць ужо пра «кожны другі» — акрэсліў будучыя перспектывы Дзмітрый Круты. 

Чытайце таксама:

Рыжанкоў прачытаў верш па-беларуску да Дня Перамогі

Лукашэнка пра парад Перамогі ў Маскве: Гэта самы лепшы, самы моцны парад

Ціханоўская: Вайна ніколі не павінна быць сродкам вырашэння праблемаў

Андрэй Лемяшонак назваў Свята-Елісавецінскі манастыр «баявой адзінкай»

Каментары да артыкула