БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка заявіў, што ўжо «затрымаўся» ва ўладзе, але прапанаваў беларусам яшчэ пацярпець

8.05.2025 / 12:42

Nashaniva.com

Выступаючы на адкрыцці Міжнароднага выставачнага цэнтра ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што «трошкі затрымаўся», але заклікаў пацярпець: «павінны ж быць і вопытныя людзі».

Аляксандр Лукашэнка 8 мая падчас адкрыцця Міжнароднага выставачнага цэнтра расказаў беларусам, як добра яны жывуць, і заклікаў кожнага займацца сваёй справай. Сабе Лукашэнка абраў быць прэзідэнтам.

«Санкцыі нас душаць з усіх бакоў. Нас спрабуюць задушыць. Але мы жывём. І не проста жывём. Мы нават ствараем унікальныя аб'екты будучыні, як гэты. Усё залежыць ад нас. Давайце, як я часта казаў, будзем працаваць усе на сваіх працоўных месцах. Нічога не трэба выдумляць. Прыйшоў, адпрацаваў, пайшоў дадому. Субота, нядзеля — адпачыць.

Нічога ад вас больш не патрабуецца. Усё астатняе мы будзем вырашаць самі. Таксама кожны на сваім месцы. Я, як прэзідэнт, буду займацца сваімі пытаннямі», — сказаў Лукашэнка. 

Ён сцвярджае, што «фактычна новае пакаленне прыведзена да ўлады».

«Ну я трошкі затрымаўся, але пацярпіце, павінны ж быць і вопытныя людзі. У нас яны ёсць. Але моладзь прыйшла», — кажа ён.

Ён гаворыць, што да ўлады прыйшлі 50-гадовыя, «з'явіліся сапраўдныя патрыёты», «якія хочуць захаваць сваю краіну».

Лукашэнка сцвярджае, што ў Беларусі «ціха, спакойна, беспілотнікі не лётаюць».

«А калі лётаюць, па памылцы да нас залятаюць. Вайна ідзе побач. Мы жывем у спакойнай, мірнай, добрай краіне», — сказаў ён перад вылетам у Расію да Уладзіміра Пуціна. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула