БЕЛ Ł РУС

Жанчыну ў ЗША, што знікла 62 гады таму, знайшлі жывой

5.05.2025 / 13:40

Nashaniva.com

Одры Бакберг, якой цяпер 82 гады, без вестак знікла са свайго дому ў мястэчку Рыдсбург 7 ліпеня 1962 года. На той момант ёй было 20 гадоў, паведамляе паліцыя штата Вісконсін, піша Бі-бі-сі.

Фота: Wisconsin Missing Persons Advocacy

Як удакладнілі ў офісе шэрыфа, жанчыну шукалі шмат гадоў. Нядаўна да расследавання вярнуліся ў рамках стандартнай праграмы па працы з «халоднымі справамі».

Высветлілася, што цяпер Бакберг жыве ў іншым штаце, а «з дому з’ехала па ўласнай волі, а не ў выніку злачыннай дзейнасці ці супрацьпраўных дзеянняў».

Шэрыф распавёў, што ўсе гэтыя гады жанчына жыла па-за межамі Вісконсіна, але іншых падрабязнасцяў не паведаміў.

Паводле даных некамерцыйнай арганізацыі, Одры Бакберг выйшла замуж, калі ёй было каля 15 гадоў. У шлюбе нарадзіліся двое дзяцей.

Адносіны з мужам былі складанымі, незадоўга да знікнення Одры падала ў суд, сцвярджаючы, што муж біў яе і пагражаў забіць. У дзень свайго знікнення жанчына паехала на ткацкую фабрыку, каб забраць заробак.

Разам з нянькай сваіх дзяцей Одры дабралася аўтаспынам да Мэдысана (сталіцы Вісконсіна), пасля жанчыны пераселі на аўтобус і даехалі да Індыянапаліса (штат Індыяна).

14-гадовая нянька расказала паліцыі, што знервавалася і захацела вярнуцца дадому, але Одры адмовілася. Апошні раз яе бачылі на аўтобусным прыпынку.

Офіс шэрыфа расказаў, што ўсе гэтыя гады следчыя актыўна шукалі зніклую жанчыну, разглядаючы розныя версіі, але справа «зайшла ў тупік».

Прагрэс адбыўся, калі на пачатку гэтага года яны правялі ўсебаковы аналіз старых матэрыялаў і знайшлі ў сацсетках старонку сястры зніклай, расказаў Айзек Генсан, які раскрыў гэтую справу.

Ён звязаўся з шэрыфам горада, дзе цяпер жыве Одры Бакберг, і размаўляў з ёй па тэлефоне 45 хвілін.

«Я думаю, яна проста з’ехала. Адышла ад усяго, пачала займацца сваімі справамі і жыць сваім жыццём, — сказаў ён WISN. — Падаецца, яна шчаслівая. Упэўненая ў сваім рашэнні. І ні пра што не шкадуе».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула