Шрайбман дапускае ахалоджванне адносін паміж Лукашэнкам і Пуціным
«Мы ўжо бачым, як ваенная мадэль адносін для Лукашэнкі перастае працаваць так, як яна працавала два гады таму».
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Фота: Maxim Shemetov Pool Photo via AP
Аналітык Арцём Шрайбман паразважаў пра адносіны Лукашэнкі і Пуціна ў новым выпуску ютуб-канала «Гадзіннічак цікае».
«Я не думаю, што мы знаходзімся ў зоне стабільнасці, пакуль ідзе вайна. Яны могуць застацца да канца вайны ў гэтым «мядовым месяцы», але мы ўжо бачым, як ваенная мадэль адносін для Лукашэнкі перастае працаваць так, як яна працавала два гады таму», — даводзіць ён.
Па словах аналітыка, у далейшым, калі Расія і ЗША дасягнуць нейкіх сепаратных пагадненняў, нават пры ўмове захавання еўрапейскіх санкцый Масква зможа зарабляць грошы на экспарце нафты і газу ў нееўрапейскія краіны. Што тычыцца Беларусі, то, як адзначае Шрайбман, перспектывы росту беларускага экспарту ў Расію амаль вычарпаныя:
«Проста таму, што расійская эканоміка астывае, канкурэнцыя расце з кітайскімі і іншымі вытворцамі. Незразумела, адкуль узяцца новай крыніцы гэтага «залатога дажджу», які абрынуўся на Лукашэнку ў апошнія пару гадоў, нават да сярэдзіны 2024 года».
Як адзначаее Шрайбман, ужо бачна, што Лукашэнка просіць новыя зніжкі на нафту, таму што беларускія НПЗ застаюцца стратнымі, просіць пашырыць магутнасці расійскай чыгункі для таго, каб прапускаць больш беларускіх тавараў, шукае новыя крэдытныя магчымасці. Пакуль жа яму даюць толькі растэрміноўку па старых.
«Я бачу, што з зоны камфорту мы паступова выходзім, нават у межах вайны. (…) Мы ўжо ўваходзім у зону больш звыклую, калі ўжо даводзіцца таргавацца, калі ўжо даводзіцца прасіць, даводзіцца нечым адчувальным саступаць. (…) Давядзецца нейкія некамфортныя саступкі альбо даваць, альбо ж наадварот спрабаваць хэджыраваць (шукаць альтэрнатывы. — НН), спрабаваць выходзіць на іншых партнёраў, спрабаваць нешта эксперыментаваць з Захадам, што стварае ў сваю чаргу патэнцыял напружанасці з Расіяй».
Шрайбман дапускае, што пасля вайны Лукашэнка і Пуцін заключаць нейкую новую здзелку аб параметрах сваіх адносін, новыя «дарожныя карты». Але ён папярэджвае, што недаацэньваецца ўплыў шоку ад заканчэння вайны. Расія пераарыентавала сваю эканоміку, і вяртанне будзе траўматычным.
Ці будзе Расія ўлічваць інтарэсы Лукашэнкі ва ўмовах перабудовы сваёй эканомікі? Калі нават цяпер яны ўлічваюцца не поўнасцю, і яму даводзіцца таргавацца, то ў стрэсавай сітуацыі пасля вайны можа быць яшчэ горш. Прыйдзецца зноў таргавацца, але з меншай гарантыяй поспеху.
Чытайце таксама:
Шрайбман называе сваю галоўную асцярогу наконт чыноўнікаў-тэхнакратаў пры Лукашэнку
Шрайбман назваў тры прычыны, якія перашкаджаюць Лукашэнку выпусціць палітвязняў
Шрайбман: Я не веру ў «зянонаўскую дыктатуру», якая будзе паслядоўна беларусізаваць беларусаў