БЕЛ Ł РУС

Міністр Маркаў заявіў, што да 2020 года яны цярпелі незалежныя медыя, а цяпер надзвычай патрэбна цэнзура

4.05.2025 / 15:58

Nashaniva.com

«Калі спатрэбілася прыняць жорсткія меры, мы іх прынялі».

Міністр інфармацыі Марат Маркаў. Скрын відэа БТ

Міністр інфармацыі Марат Маркаў у кулінарнай перадачы на СТБ выказаўся пра цэнзуру ў СМІ.

«Не займацца кантролем не можа дазволіць сабе ніводная краіна», — даводзіць Маркаў.

Ён лічыць, што ў медыя «цэнзура надзвычай неабходная», каб усе прытрымліваліся закона.

«Мы нават пайшлі недзе на павадку тых цудоўных абяцанняў, якія нам з Захаду да 2020 года — гэты ялей на вушы нам лілі і расказвалі казкі пра тое, што дэмакратыя, незалежнасць, свабода слова. Давайце проста, па-руску скажам, што гэта быў «бред сивой кабылы». Тое, што цяпер робіцца ў іх, гэта не проста цэнзура, гэта жэстачайшае ўшчамленне свабоды слова, таму што калі ім нявыгадная інфармацыя, яны проста закрываюць. А мы вымушаныя былі, каб тыя сродкі масавай інфармацыі, якія да 2020 года разбуралі сваю краіну і ў 2020-м спрыялі таму, каб мы пайшлі па ўкраінскім сцэнары (…) Калі спатрэбілася прыняць жорсткія меры, мы іх прынялі», — разважаў Маркаў.

Пасля пратэстаў 2020 года незалежныя грамадска-палітычныя медыя трапілі пад ціск. Іх сталі блакаваць, прызнаваць «экстрэмісцкімі», незалежныя журналісты трапілі пад рэпрэсіі. У зняволенні цяпер 40 супрацоўнікаў медыя. «Экстрэмісцкімі» прызнаюць нават невялікія прыватныя блогі, калі іх кантэнт ці асоба не даспадобы ўладзе.

Чытайце таксама:

Мінінфарм заблакаваў 15 тысяч «дэструктыўных» інтэрнэт-рэсурсаў

Маркаў заявіў, што аўдыторыя дзяржаўных СМІ ў інтэрнэце вырасла каласальна

Маркаў: Планаў блакаваць нейкія сацыяльныя сеткі або месенджары няма. Але мы да гэтага гатовыя

Каментары да артыкула