БЕЛ Ł РУС

Ноччу расіяне дронамі атакавалі Кіеў і Чаркасы

4.05.2025 / 7:44

Nashaniva.com

Пасля начной атакі расійскіх беспілотнікаў Кіеў і Чаркасы ліквідуюць разбуральныя наступствы: пажары адбыліся ў жылых дамах, згарэлі аўтамабілі, адзін чалавек пацярпеў у Чаркасах, адзінаццаць — у Кіеве. 

У сталіцы Украіны дроны ўдарылі па трох раёнах — Абалонскім, Святошынскім і Шаўчэнкаўскім. Як пішуць ратавальнікі, у Абалонскім раёне пажар ахапіў кватэру на апошнім паверсе 12-павярховага дома і распаўсюдзіўся на дах. У іншым месцы загарэліся сем аўтамабіляў каля жылога дома.

У Святошынскім раёне згарэлі тры прыватныя дамы. Пажары ўзніклі ва ўсіх трох адначасова.

У Шаўчэнкаўскім раёне пашкоджана электраапора і дарожнае пакрыццё пад чыгуначным мостам.

Колькасць пацярпелых у Кіеве на ранак нядзелі ўзрасла да 11 чалавек, з іх — 2 дзяцей.

У той жа час у Чаркасах у выніку начнога абстрэлу адбылося пяць розных узгаранняў. Гарэлі кватэры, склад аднаго з прадпрыемстваў, дачны дом.

Асабліва пацярпеў чатырохпавярховы інтэрнат, дзе значныя пашкоджанні атрымалі дзве кватэры, разбітыя вокны ў іншых памяшканнях.

У Чаркасах пацярпела адна жанчына.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула