БЕЛ Ł РУС

Кампанія А1 запусціла сваё таксі. Дзе цяпер танней?

1.05.2025 / 16:41

Nashaniva.com

З 1 мая на рынку таксі з'явіўся новы гулец — свой сэрвіс запусціла кампанія А1. Пакуль новае таксі даступна толькі ў сталіцы. Office Life у дзень запуску параўнаў, па якіх тарыфах можна замовіць машыну ў трох службах таксі ў Мінску.

Фота: кампанія А1

Што і як параўноўвалі? Для эксперыменту выбралі тры службы: «Яндэкс Таксі», якому цяпер належыць 90% рынку, новае таксі ад А1 і адну з найстарэйшых службаў — «Таксі 135». Раніцай 1 мая журналісты зрабілі запыт у дадатках гэтых службаў па розных маршрутах — па Мінску на невялікую адлегласць, у іншы канец горада і ў аэрапорт. Важны момант: параўноўвалі дынамічныя тарыфы і ва ўсіх трох службах выбралі самы танны тарыфны план.

Па горадзе

Для пачатку паглядзелі на паездку на невялікую адлегласць. З раёна парку ім. Чалюскінцаў трэба было дабрацца на Сурганава.

Маршрут працягласцю прыкладна 3 км прапануюць пераадолець за 6-10 хвілін. Калі выбіраць тарыфны план «Эканом», то «Яндэкс Таксі» і «Таксі 135» прапануюць цану каля 5,2 рубля, у «А1 таксі» — амаль 6,6 рубля.

Фота: Office Life

Калі абраць больш працяглы маршрут (амаль 15 км) у самы канец праспекта Дзяржынскага, то «Яндэкс таксі» прапануе кошт 14,6 рубля, «Таксі 135» — 16,35 рубля, а «А1 таксі» — 17,52 рубля.

Фота: Office Life

Звярнулі ўвагу, што ў абодвух варыянтах час паездкі ў «А1 таксі» будзе самым працяглым. Адразу прыкінуць, праз колькі можа прыехаць машына, можна толькі ў дадатку «Яндэкс Таксі», у астатніх службах для гэтага трэба перайсці да радзелу «Замовіць».

А што з аэрапортам?

Таксама журналісты паглядзелі, колькі будзе каштаваць у гэты ж час паездка ў трох розных службах у аэрапорт. Адлегласць — каля 40 км. Самы дарагі варыянт гэтай раніцай прапанавала служба «Таксі 135» — 80 рублёў.

У «А1 таксі» цэннік склаў 67,79 рубля (час у дарозе дадатак разлічвае як 1 гадзіну 10 хвілін — у два разы даўжэй за астатнія). «Яндэкс Таксі» згодны везці за 53 рублі.

Фота: Office Life

Што ў выніку?

Новае таксі пакуль хутчэй прайграе галоўнаму канкурэнту па цэнавым фактары. Аднак трэба разумець, што эксперымент зроблены ва ўмовах нізкага попыту (выхадны дзень і ранняя раніца) і пры адносна добрым надвор'і (без дажджу або снегападу). Таму пакуль складана ацаніць выгаднасць опцыі новага таксі ад А1 з фіксаванымі тарыфамі, якія, як абяцаюць, не будуць залежаць ад знешніх фактараў. Пакуль ва ўсіх трох варыянтах яны на 1,5-5 рублёў вышэйшыя за дынамічныя ў залежнасці ад маршруту, аднак дакладны разлік усё роўна залежыць ад каэфіцыентаў у тарыфных планах.

Таксама рэальныя выдаткі пасажыра пры замове могуць аказацца меншымі за заяўленыя сумы дзякуючы бонусным праграмам. Мяркуючы па ўсім, гульцы будуць актыўна карыстацца імі для ўтрымання і (або) прыцягнення кліентаў.

Чытайце таксама:

У гарадскіх маршрутках павінны з'явіцца рамяні бяспекі

У Беларусь прыехала дэлегацыя «Яндэкса». Хочуць запусціць у нас беспілотнае таксі

Каментары да артыкула