Польшча расследуе гібель пяці чалавек, целы якіх вылавілі ў рацэ Буг
Целы пяці чалавек вылавілі ў красавіку з ракі Буг. Следчыя высвятляюць іх асобы і прычыны смерці, піша RMF24.pl.
NurPhoto via Getty Images
Паведамляецца, што 5 па 18 красавіка былі выяўлены целы пяці чалавек. Усе расследаванні знаходзяцца на папярэдняй стадыі.
Расследаванні праводзяцца ў сувязі з неасцярожным прычыненнем смерці. Следчыя высвятляюць імёны гэтых асоб і прычыны іх смерці. На пытанне, ці былі пры целах знойдзеныя дакументы, багаж, тэлефоны, запіскі, пракурор адказаў, што «такога роду інфармацыя не даецца на гэтым этапе з прычыны інтарэсаў следства».
Першае цела вылавілі 5 красавіка, а 15 красавіка — яшчэ два. 18 красавіка патруль выявіў з польскага боку ў пагранічнай рацэ Буг целы яшчэ дзвюх асоб.
Хутчэй за ўсё гэта целы людзей, якія спрабавалі незаконна перасекчы мяжу з Беларусі ў Польшчу. У гэтым годзе такіх спроб было ўжо 300, тады як за ўвесь мінулы год — каля 530.