Уначы на пажары ў лесе ў Воранаўскім раёне маліліся ксёндз, вяскоўцы і блогер
Увечары 30 красавіка да сярэдзіны ночы 1 мая ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці, на мяжы з Літвой, тушылі вялікі лясны пажар, піша katolik.life.
Katolik.life
Пах дыму адчуваўся нават у Лідзе, дзе жыве папулярны блогер Алег Грышко, вядомы як «Пан Усялян».
Ён выправіўся ў родны Воранаўскі раён, каб разам са святаром і мясцовымі вернікамі маліцца на месцы пажару, і паказаў, як усё адбывалася. Паводле інфармацыі МНС, гарэлі дзясяткі гектараў лесу, агонь тушылі ў тым ліку з верталёта.
Вікарый парафіі ў Радуні ксёндз Віталь Валюк на сваёй старонцы паведаміў, што «разам з жыхарамі вёсак Каргаўды і Пенцянішкі, побач з полымем, маліліся праз заступніцтва святой Агаты аб спыненні пажару і за супрацоўнікаў МНС».
Раніцай 1 мая на старонцы прыходу ў Радуні з’явілася паведамленне: «Маліліся аб спыненні страшнай стыхіі пажару на тэрыторыі нашага прыходу. У духу адзінства і ўзаемадапамогі мясцовыя жыхары і супрацоўнікі МНС перамаглі агонь».
Алег Грышко таксама паведаміў каля 3 гадзін ночы, што пажар удалося патушыць.