БЕЛ Ł РУС

Беларускі трэнер расказаў, якую смешную задачу яму паставілі ў чэмпіянаце Кітая па хакеі

30.04.2025 / 10:1

Nashaniva.com

Дзмітрый Дудзік, што ў свой час кіраваў беларускай і турэцкімі юнацкімі зборнымі, у інтэрв'ю сайту «Беларускі хакей» расказаў, як сезон пратрэніраваў клуб «Аомэй Шэньян». 

«Са мной звязаліся прадстаўнікі кітайскага клуба «Аомэй Шэньян». Гэта адбылося ў верасні. Яны агучылі ўмовы працы, задачы і спыталі, ці гатовы я паехаць так далёка і ўзначаліць клуб з правінцыі Ляанін [правінцыя на самым паўночным усходзе Кітая, поўдзень Маньчжурыі — НН]. Я даволі хутка ўсё абдумаў і даў згоду», — кажа Дзмітрый Дудзік.

Ён кажа, нягледзячы на тое, што хакей у Кітаі існуе даўно, і клубы ўдзельнічаюць у розных турнірах, паўнацэнны ўнутраны чэмпіянат быў праведзены ўпершыню.

«Гэта клуб, дзе 50 % падтрымлівае хакейная федэрацыя правінцыі Ляанін і яшчэ 50 % — прыватны капітал. У ім працуе некалькі дзіцячых трэнераў і займаецца некалькі дзіцячых хакеістаў. Там нават няма падзелу па ўзроставых групах, як у нас ці ў Расіі, і няма «свайго патоку» — а гэта вельмі важна. Хакеістаў, якія адпавядалі б узроўню CHL (Кітайскай хакейнай лігі) не было ўвогуле.

Кіраўніцтва клуба «Аомэй Шэньян» прыняло рашэнне заключыць дамову з іншым кітайскім горадам — Джамсы. Там была «бесгаспадарчая» аматарская каманда, у якой не было нават свайго катка. Зімой яны трэніраваліся на вуліцы, калі замярзаў лёд, а ў іншы час года — на роліках ці ўвогуле гулялі ў баскетбол».

Перад гэтай аматарскай структурай мне была пастаўлена задача-мінімум — не прайграць усе матчы ў сезоне, і задача-максімум — выйграць першае месца (смяецца). Усё б нічога, але з 19 кітайскіх хакеістаў 12 былі 2006 года нараджэння і маладзейшыя. Таму было вельмі складана.

У выніку каманда Дзмітрыя Дудзіка заняла трэцяе месца.

«Паводле рэакцыі кіраўніцтва і ўсіх, хто быў датычны да каманды, гэта ўспрынялі як перамогу на чэмпіянаце свету. Мы таксама сталі першай камандай за пяць гадоў, якая абыграла базавую каманду нацыянальнай зборнай Кітая — Пекін», — кажа Дзмітрый.

Прычым галоўны ўнёсак зрабілі беларускія легіянеры.

«За падбор трэнераў і легіянераў адказваў наш генеральны менеджар Чжан Да. Да — гэта імя. Ён беларус, мае беларускі пашпарт. Гэта сын аднаго з інвестараў клуба. Бацька ў яго — кітаец, маці — з Беларусі. Таму ён выдатна валодае як рускай, так і кітайскай мовамі. Ён збіраў інфармацыю пра легіянераў і трэнераў і меў вырашальнае слова пры іх выбары.

Калі скажу, што яны (беларусы) былі лідарамі, гэта будзе банальна. З прыкладна 150 шайбаў, закінутых камандай за сезон, гэтыя трое закінулі 145.

Было нават таварыскае спаборніцтва з карэйскай камандай, якое мы выйгралі з лікам 12:10. Усе 12 галоў закінулі Мядзведзеў, Грынь і Равенка. Я і кіраўніцтва каманды вельмі задаволеныя як беларускімі легіянерамі, так і двума маладымі расійскімі абаронцамі. Хлопцы нават перавыконвалі сваю задачу», — расказаў беларускі спецыяліст.

Дзмітрый хоча працягнуць трэніраваць гэты кітайскі клуб, але магчыма ўмацавацца яшчэ беларусамі, бо мясцовыя хакеісты слабыя, і абавязкова ўзяць беларускага галкіпера, бо менавіта варатарская лінія ў клуб дастаўляла найбольш праблем. У сярэднім за матч прапускалі шэсць шайб.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула