БЕЛ Ł РУС

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі

29.04.2025 / 8:34

Nashaniva.com

Цімур Бураў быў шасціразовым чэмпіёнам Беларусі па муай-тай і тайскім боксе. «Адразу пайшоў у царкву, а ўжо потым — лячыцца. Запозна», — расказалі «Нашай Ніве» яго сябры.

Цімур Бураў. Фота са старонкі ў фэйсбуку

Цімур Бураў — член нацыянальнай зборнай па тайскім боксе і кікбоксінгу (2009—2016), шматразовы фіналіст кубкаў свету і чэмпіянатаў Еўропы, чэмпіён Эстоніі і Латвіі, шасціразовы чэмпіён Беларусі па кікбоксінгу і тайскім боксе.

Гэта чалавек з зорнай плеяды беларускіх кікбаксёраў пачатку 2010-х. Многія з іх, дарэчы, такія, як Сяргей Скіба, Віталь Гуркоў, Яўген Лашэўскі ў выніку апынуліся ў эміграцыі. 

Бураў памёр на мінулым тыдні ад рэдкай анкалогіі лімфатычнай сістэмы. З моманту пастаноўкі дыягназу прайшло троху больш за паўгода.

Аднаклубнікі хлопца журацца на ягоны падыход да дзеянняў пасля атрымання навіны.

«Адразу пайшоў у царкву, а ўжо потым — лячыцца. Запозна», — сказаў адзін з аднаклубнікаў Цімура.

Раней ад гэтай жа хваробы памерла малодшая сястра Бурава. 

Бураў апошні час працаваў трэнерам. Даўно жанаты з Аленай Ляшкевіч, пяціразовай чэмпіёнкай свету па тайскім боксе. 

* * *

Лімфатычная анкалогія — гэта рак, які паражае клеткі і тканкі лімфатычнай сістэмы, уключаючы лімфавузлы і селязёнку. Часцей за ўсё гаворка ідзе пра лімфому, якая можа працякаць як павольна, так і агрэсіўна. Важна памятаць, што ранняе выяўленне хваробы істотна павышае шанцы на паспяховае лячэнне.

Для прафілактыкі рэкамендуецца весці здаровы лад жыцця, падтрымліваць імунную сістэму і праходзіць рэгулярныя медыцынскія агляды.

Асаблівую ўвагу варта звяртаць на змены ў памерах лімфавузлоў, нязвыклую стомленасць або патлівасць ноччу.

Пры з’яўленні сімптомаў (неабавязкова звязаных з болем, але — нехарактэрных да таго) трэба неадкладна звяртацца да доктара і правярацца, нават калі ваш тэрапеўт не бачыць у гэтым сэнсу. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула