Стаяць на адной назе з кнігай на галаве ў памяць пра блакаду Ленінграда. Чыноўнікі запусцілі вельмі дзіўны чэлендж да 9 Мая
Прастаяць 125 секунд на адной назе з кнігай на галаве — у памяць аб 125 грамах хлеба ў блакадным Ленінградзе. Што?
Упраўленне спорту і турызму Мінскага аблвыканкама запусціла анлайн-чэлендж «80 крокаў да Перамогі», прымеркаваны да заканчэння Другой сусветнай вайны. Ён праводзіцца з 9 красавіка да 9 мая.
Адно з заданняў выглядае вельмі дзіўна. Трэба пратрымацца 125 секунд (а дзецям — 40 секунд), стоячы на адной назе з кнігай на галаве і рукамі ў бакі.
Чыноўнікі тлумачаць, што гэта адсылка да блакады Ленінграда, калі 125 грамаў хлеба былі мінімальнай нормай выдачы ў самыя цяжкія дні.
«Памятайце: кожная секунда — гэта сімвал мужнасці тых, хто выстаяў у тыя страшныя дні. Наперад, да перамогі!» — напісана ў афіцыйным акаўнце ў інстаграме гэтага ўпраўлення.
У чэленджы ёсць і іншыя заданні. Напрыклад, скачкі «Зорка», каб трэніраваць вынослівасць — у памяць пра контрнаступ пад Масквой. Або хада ў паўпрысядзе — арганізатарам чэленджу гэта нагадвае пра партызанскія атрады.