БЕЛ Ł РУС

Самая дарагая кватэра ў Асмалоўцы — як выглядае?

13.04.2025 / 18:28

Nashaniva.com

У адным з жоўтых дамоў аўтэнтычнага раёна Мінска прадаецца двухпакаёвая кватэра з добрым рамонтам. Сцяна тут ачышчана да арыгінальнай чырвонай цэглы, ёсць і мілы адкрыты балкон. Гэта самая дарагая на дадзены момант кватэра ў Асмалоўцы.

Фота тут і далей: Realt.by

У адным з жоўтых двухпавярховікаў Асмалоўкі, што на Кісялёва, 27, прадаецца кватэра на апошнім паверсе. Гэта двухпакаёўка ў 54,2 м2. Дом 1949-га года пабудовы, змяшчае 8 кватэр, піша Realt.by.

У кватэры зроблены добры рамонт. У кухні ёсць сучасны гарнітур з неабходнай тэхнікай: убудаваны халадзільнік, духавая шафа, посудамыйная машына, выцяжка, варачная паверхня.

У гасцінай сцяна аздобленая натуральным дрэвам (арэх). Яшчэ адна сцяна вычышчаная да гістарычнай цэглы. Цэгла пакрыта лакам. Побач размясцілася абсталяваная гардэробная.

Сцены ў спальні абклееныя шпалерамі. Там, дзе ляжыць плітка, зроблены падагрэў падлогі. У кватэры таксама заменена праводка, усталяваны кандыцыянер.

Санвузел — сумешчаны, абліцаваны пліткай. Тут абсталявана душавая.

Жамчужына кватэры — аўтэнтычны адкрыты балкон з гасцінай.

Да Нямігі або Плошчы Перамогі можна дабрацца пешшу. Паблізу ёсць кафэ, ходзіць грамадскі транспарт.

Кошт квадратнага метра складае 3 598 даляраў. Кватэра абыйдзецца ў 195 тысяч даляраў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула